Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 23-25 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пераслед 25 жніўня
Палітзняволенаму журналісту Андрэю Пачобуту працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на 3 месяцы.Андрэй быў затрыманы ў сакавіку па так званай «справе палякаў» і ўтрымліваецца ў жодзінскім СІЗА.
Пераслед 23 і 24 жніўня
Палітзняволенаму сузаснавальніку медыя kyky.оrg і The Village-Беларусь, уладальніку агенцтва Vondel / Hepta і прасторы «Галерэя Ў» Сашу Васілевічу ў чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. Ён ўжо больш за год знаходзіцца за кратамі.
Дома ў старшыні грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі 24 жніўня адбыўся ператрус. Анатоля правяралі на прадмет датычнасці да крымінальнай справы, якую вядзе СК.
Крымінальная справа супраць чатырох супрацоўнікаў PandaDoc закрытая. Інфармацыю пацвердзіла кіраўніцтва PandaDoc. У кампаніі адзначылі, што «пакуль не ведаюць дакладна аб зняцці ўсіх абмежаванняў з фігурантаў справы».
Нагадаем, чатырох супрацоўнікаў PandaDoc затрымалі 2 верасня 2020-га. Спачатку іх падазравалі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, пазней артыкул змянілі на «махлярства». Усе яны былі прызнаныя палітвязнямі.
20 жніўня на волю выйшаў апошні фігурант гэтай справы — палітзняволены менеджар па прадукту PandaDoc Віктар Куўшынаў.
Выйшаў Дзяніс Сакалоўскі, былы апэратар БТ, затрыманы па «справе Прэс-клубу».
У Лідзе затрымалі Вольгу Махнач — жонку былога падпалкоўніка міліцыі, які сыйшоў пасля выбараў.
@lida_grab_court паведамляе пра затрыманне жонкі Юрыя Махнача — былога падпалкоўніка міліцыі з Ліды, камандзіра роты ППС Лідскага РАУС, які пасля выбараў запісаў свой зварот да сілавікоў, дзе распавёў пра тое, як рыхтавалі праваахоўнікаў да выбараў, хто аддаваў загады аб жорсткіх разгонах, а таксама пра збіццё людзей у Лідзе. 19 жніўня ён напісаў рапарт аб звальненні.
Дома ў сям'і экс-міліцыянта прайшоўператрус.Вольгу адпусцілі, яна дома. Паведамляецца, што Юры вымушана пакінуў Беларусь каля 9 месяцаў таму, бо была высокая рызыка затрымання.
Cуд у Брэсце прызнаў экстрэмісцкім кліп гурта «Дай Дарогу» на песню «Баю-бай».
Пра тое, што кліп можа быць прызнаны экстрэмісцкім, стала вядома ў пачатку жніўня, тады лідар гурта Юрый Стыльскі паведаміў, што 6-е ўпраўленне Губазік МУС падало ў суд Ленінскага раёна Брэста заяву. У заяве казалася, што экспертная камісія прыйшла да высновы, што кліп зняты з мэтай дыскрэдытацыі работнікаў сілавых структур, піша @nashaniva. Ролік апублікаваны на Youtube 18 жніўня 2020 года.
Юрый Стыльскі пакінуў Беларусь у пачатку жніўня гэтага года.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца
Крыніца: Хроніка пераследу 23-25 жніўня