Палітзняволеныя праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца ўтрымліваецца за кратамі ў гомельскім СІЗА-3 ужо семь месяцаў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (часткі 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу). Па гэтай справе таксама праходзіць валанцёрка Марыя Тарасенка, якая знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", суд супраць праваабаронцы і валанцёрак пачнецца ўжо 3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля. Разглядаць крымінальную справу супраць вясноўцаў будзе суддзя Сяргей Салоўскі. Яшчэ летам мінулага года Леанід дапамагаў гамяльчука падаваць скаргу ў ААН на гэтага суддзю праз парушэнне ягоных правоў, а ўжо гэтым летам Салоўскі адмовіў Судаленку ў спатканні з блізкімі. Але праваабаронца праз скаргу ўсё ж такі дамогся сустрэчы з сям'ёй. "Вясна" распавядае, за што будуць судзіць праваабаронцу і валанцёрак, чаму гэтая крымінальная справа з'яўляецца палітычна матываванай і што вядома пра суддзю Салоўскага. Праваабаронцу Леаніда Судаленку і валанцёрак Марыю Тарасенка і Таццяну Ласіцу абвінавачваюць у арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (часткі 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу). Як распавёў у сваіх лістах праваабаронца, у яму ставіцца:
Што вядома па справе гомельскага праваабаронцы і валанцёрак?
- эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, і ў якіх потым бацьку асудзілі за "беспарадкі”;
- відэа на ютубе з "Рудабельскай паказухі", дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
- прызыў у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля М. Гульжэннікаву пасля 15 сутак;
- семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
- аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.
Праваабаронца з 18 студзеня знаходзіцца ў СІЗА. У ізалятары з 21 студзеня таксама ўтрымліваецца Таццяна Ласіца. У дачыненні да Марыі Тарасенка абраная мера стрымання ў выглядзе абавязацельства аб яўцы і нявыездзе.
Па справе было апытана больш за 200 сведак. У справе 77 тамоў.
Вядома, што на 17 верасня на суд па крымінальнай справе ў дачыненні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенкі выкліканы ў якасці сведкі магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.
Відэа "Рудабельскай паказухі", семінар па лічбавай бяспецы праваабаронцам: што ставіцца ў віну па артыкуле 342 КК Леаніду Судаленку
Чым вядомы суддзя, які будзе весці справу супраць праваабаронцы і валанцёрак?
Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі вядомы тым, што з'яўляецца "лідарам" па сумарным тэрміне арышту па справах па "народных" артыкулах КаАП падчас жнівеньскіх пратэстаў мінулага года. "Дзякуючы" яму ўдзельнікі мірных акцый пратэсту сумарна правялі за кратамі больш за тры месяцы.
У 2020 годзе Салоўскі двойчы аштрафаў па арт. 23.5 КаАП (распаўсюд перыядычных друкаваных выданняў без выходных дадзеных) (былы 22.9) журналістку Ларысу Шчыракову за рэпартажы для "Белсату" за апытанне наконт каранавіруса і за шпацыр на наберажнай Сожа, ініцыяваны блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Цікава, што праваабаронца Леанід Судаленка яшчэ ўлетку мінулага году дапамагаў гамяльчуку Валерыю Смеяну падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН на парушэнне яго правоў на мірны сход і выказванне асабістага меркавання суддзёй Салоўскім. Відавочна, што гомельскі суддзя з'яўляецца зацікаўленай асобай у пераследзе Судаленкі. Можна меркаваць, што праваабронца будзе заяўляць адвод яму, але ці задаволіць яго Салоўскі.
Аштрафаваны за мітынг гамяльчук шукае абароны ў ААН
Падрабязней пра гэты кейс з каментаром Леаніда можна пачытаць тут
Праваабаронца Леанід Судаленка напачатку жніўня папрасіў у судзі Салоўскага спатканне з жонкай і дзецьмі. У праваабаронцы чацвёра сыноў — трое дарослых і адзін малалетні, 11-гадовы Мікіта. Але суддзя адказаў, што не дазваляе спатканне, бо "няма прававых падставаў". Тады праваабаронца накіраваў скаргу на імя старшыні суда Цэнтральнага раёна Віктара Казачка. Той дазволіў яму спатканне з усімі членамі сям'і.
"І як мяне можа судзіць чалавек, які не бачыць для спаткання "прававых падстаў", бо закон не забараняе спаткання з блізкімі сваякамі?" — адзначыў у лісце карэспандэнту БелаПАН Судаленка.
Дазвол на спатканне ён называе "маленькай перамогай". Разам з тым праваабаронца піша, што не чакае цуду ад суда і думае, што на "пару гадоў" адправіцца ў турму.
Чаму справа супраць гомельскіх праваабаронцаў палітычна матываваная?
Леанід Судаленка, вядомы ў Беларусі і за яе межамі праваабаронца, які на працягу дваццаці гадоў займаецца абаронай правоў чалавека. Ён аказваў бясплатную юрыдычную дапамогу, у тым ліку па падрыхтоўцы індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН па фактах парушэння правоў грамадзян з боку беларускіх уладаў. За сваю праваабарончую дзейнасць у 2018 годзе Леанід быў узнагароджаны прэстыжнай прэміяй Французскай Рэспублікі “Свабода-роўнасць-братэрства”. У 2019 годзе ён стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў 2019 годзе ў намінацыі "Праваабаронца года".
Беларускія ўлады рэгулярна пераследвалі Леаніда Судаленку за ягоную актыўную праваабарончую дзейнасць: ладзілі няўдалыя правакацыі з мэтай прыцягення яго да крымінальнай адказнасці, уносілі ў спісы для кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы, намагаліся дыскрыдытаваць яго праз публікацыі на старонках падкантрольных спецсужбам адмысловых інтэрнэт-выданняў і дзяржаўных СМІ.
Цяперашні крымінальны пераслед праваабаронцы і валанцёрак адбываецца на фоне беспрэцэдэнтна масавых палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы беларускіх грамадзян. Не сталі выключэннем і прадстаўнікі праваабрончай супольнасці краіны, якія таксама падвяргаюцца рэпрэсіям і ціску ў сувязі з ажыцяўленнем імі дзейнасці па абароне правоў чалавека.
Праваабарончая дзейасць з’яўляецца легітымнай грамадскай дзейнасцю і пераслед за ажыцяўленне такой дзейнасці з’яўляецца абсалютна не прымальным, грубейшым парушэннем правоў чалавека з боку прадстаўнікоў афіцыйных уладаў. Зыходзячы з гэтага, беларуская праваабарончая супольнасць лічыць пераслед Леаніда Судаленкі, Марыі Тарасенка, Таццяны Ласіцы з боку ўладаў палітычна матываваным, скіраваным на спыненне іх публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод.
Заклікаем падтрымаць нашага калегу Леаніда і валанцёрку Таццяну лістамі салідарнасці: Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу СудаленкуТаццяне Леанідаўна Ласіцы |