Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 19 і 20 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць ператрусы і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

20 жніўня

У 11.15 на выхадзе з СІЗА-6 Баранавічаў былі затрыманыя хлопец і 51-гадовая Алена Левіна, якія вызваліліся пасля адміністрацыйнага арышту. Іх пасадзілі ў мікрааўтобус на мінскіх нумарах і звезлі.

Затрыманая брэсцкая актывістка 64-гадовая Алена Гнаўк. 19 жніўня жанчыну выклікалі ў Ленінскі РАУС Брэста, а ўвечары стала вядома пра яе затрыманне.

Два тыдні таму на Алену Гнаўк завялі другую крымінальную справу: яе абвінавачваюць па ч. 1 арт. 368 КК у абразе прэзідэнта.

У траўні актывістку асудзілі на два гады “хатняй хіміі” за “карагодную справу”.

Пляцоўка «Тэрыторыя правоў» дагэтуль апячатана пасля ліпеньскага ператрусу.

Нагадаем, 14 ліпеня ў інфармацыйна-кансультацыйнай установе “Тэрыторыя правоў” адбыўся ператрус. Праз 9 дзён улады ліквідавалі ўстанову.

19 жніўня

Павел Вінаградаў не выйшаў на свабоду пасля сутак. Цяпер ён падазраваны па крыміналцы, пакуль што на 72 гадзіны. Як паведаміла жонка Паўла, абвінавачванне яму не прад’яўлена.

На свабоду пасля 15-суткавага арышту таксама не выйшаў актывіст анархічнага руху Ілля Сянько. Хлопец быў затрыманы 4 жніўня і абвінавачаны ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП).

Вярхоўны суд на месяц прыпыніў дзейнасць Руху "За Свабоду!". Гэта зроблена з нагоды таго, што Рух мусіць выправіць праблемы з юрыдычным адрасам.

У сястры гарадзенскага блогера Вадзіма Ермашука адбыўся ператрус. Яна падазраваная па крымінальнай справе.

Як стала вядома, у сілавікоў пастанова на ператрус у Наталлі Рубец у рамках узбуджанай крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 КК "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх".

Самаго Вадзіма Ермашука асудзілі ў Шчучынскім раённым судзе па арт. 24.23 КаАП нібыта за заклікі прыехаць на спартовае мерапрыемства на 25 сутак арышту.

Крыніца: Перазатрыманні пасля арыштаў, вобшукі і новыя крымінальныя справы. Хроніка палітычнага пераследу за 19 і 20 жніўня