Ілюстрацыя: Рыта Чарапанава для ТД Сёння за кратамі ўтрымліваюцца сем праваабаронцаў «Вясны». Гэта старшыня Праваабарончага цэнтра Алесь Бяляцкі і яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік гомельскай філіі «Вясны» Леанід Судаленка, валанцёр Андрэй Чапюк і валанцёрка Таццяна Ласіца.

Самы просты спосаб падтрымаць вясноўцаў — дапіслаць ліст ці паштоўку! Часта праваабаронцам учыняюць блакаду карэспандэнцыі, назіраюцца перабоі ў ліставанні ў абодвы бакі, але гэта не можа спыніць нашу салідарнасць. Мы прапануем напісаць вясноўцу адкрыты ліст, які мы паспрабуем перадаць ім, а самыя цікавыя апублікуем на сайце ці ў сацсетках. Дасылайце лісты праваабаронцам (можна ўсім адразу) на пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.альбо ў тэлеграм @spring96info. У іх можаце распавядаць пра цікавыя гісторыі, пра свой шлях да правоў чалавека, пра натхненне беларускімі праваабаронцамі. Альбо — выказаць словы падзякі.

Па вызваленні вясноўцы абавязкова прачытаюць усе вашыя словы падтрымкі і ўпэўняцца, што іх барацьба за правы чалавека працягвалася, нават калі іх утрымлівалі за кратамі. Не забудзьце падпісаць ліст, каб нашыя калегі і каляжанкі ўяўлялі, што за Чалавек да яго ці яе звяртаецца (імя, узрост, горад, род дзейнасці — на ваша гледжанне).

Таксама дасылайце нам лісты-адказы ад вясноўцаў. Падрабязна па справу «Вясны» можна пачытаць тут.

Пры гэтым, працягвайце пісаць нашым калегам і каляжанкам лісты салідарнасці ў турмы:

Што вядома па справе "Вясны"?

Нагадаем, старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага, намесніка старшыні Валянціна Стэфановіча і юрыста Уладзімір Лабковіч пасля ператрусаў затрымалі 14 ліпеня з яшчэ васьмю праваабаронцамі ў межах крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Пасля ператрусаў, допытаў і некалькіх сутак у ІЧУ на Акрэсціна трох праваабаронцаў “Вясны” і затрыманую разам з мужам Ніну Лабковіч перавялі на “Валадарку”. 23 ліпеня на волю пад абязальніцтва аб яўцы адпусцілі Ніну.

Як стала вядома, затрыманым 14 ліпеня праваабаронцам следства выставіла прэтэнзіі за нясплату падаткаў за 2013–2020 гадоў на 3911 базавых велічыняў (на сёння гэта 113 419 рублёў). 

16 лютага адбылася першая хваля ператрусаў у праваабаронцаў "Вясны". Па факце працы Праваабарончага цэнтру "Вясна" была заведзеная крымінальная справа па ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне і матэрыяльнае забяспечанне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паводле афіцыйных камэнтароў Следчага камітэту, "Вясна" нібыта аказвала фінансаванне і іншую матэрыяльную падтрымку "незаконным масавым мерапрыемствам", якія "груба парушаюць грамадскі парадак".

Раней пасля аналагічных абвінавачанняў арыштавалі праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны" Марыю Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу.

Усе сем праваабаронцаў прызнаныя палітзняволенымі.

Крыніца: Іх барацьба за правы чалавека працягваецца нават за кратамі. Напішы вясноўцу адкрыты ліст!