Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 12 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Раніцай 12 жніўня быў затрыманы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года Андрэй Дзмітрыеў. Ён з'яўляецца сустаршынёй арганізацыі "Гавары праўду", сябрам аргкамітэта "Нашай Партыі" і дэлегатам "Сходу".

У дадзены момант невядома, з якой прычыны і якой структурай ён затрыманы, а таксама дзе ён знаходзіцца, піша тэлеграм-канал “Выборы видишь?”

Затрыманне Дзмітрыева пацвердзіла Таццяна Караткевіч.

Царкве "Новае жыццё" пагражаюць крымінальнай адказнасцю за малітвы побач з адабраным у іх будынкам. Малітвы каля царквы разглядаюцца як сістэматычныя масавыя мерапрыемствы, за якія можа быць адказнасць аж да крымінальнай, піша «Радыё Свабода». 

Богаслужэнне каля забранага будынку царквы
Богаслужэнне каля забранага будынку царквы "Новае жыццё" ў Мінску

Адпаведныя лісты на адрас пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі прыйшлі з Мінскага гарвыканкаму і Маскоўскага райвыканкаму сталіцы. Вернікам таксама выставілі рахунак амаль на 460 тысяч рублёў.

Нагадаем, у 2020 годзе вернікі "Новага жыцця" пасля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаванняў, ілжывых сведчанняў у судах, маніпуляцый. 17 лютага 2021 году судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэнні сілавікоў падчас малітвы. Яны апісалі маёмасць, а вернікаў выгналі, пагражаючы арыштам.  

У Мінску на 13 жніўня на допыт у КДБ выклікаюць Наталлю Нагорную.

Затрыманага ўчора экс-пасла Беларусі ў Славакіі Ігара Ляшчэню правяраюць на датычнасць да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). 

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу за 12 жніўня