Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 11 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінск
У Мінску раніцай затрымалі 23-гадовую Ульяну Калуцкіх. Яна з 8 раніцы не выходзіць на сувязь, паспела паведаміць што да яе ломяцца ў дзверы.
Паведамляецца, што сёння раніцай сілавікі прыйшлі з ператрусамі па прапісцы па меншай меры да васьмі актывістаў і актывістак анархісцкага руху ў Мінску, Кобрыне, Гомелі, Гродне і іншых гарадах. Некаторыя з іх ужо даўно выехалі за межы краіны. Але на іх бацькоў і блізкіх працягваюць аказваюць ціск: пытаюцца дзе яны знаходзяцца, як з імі звязацца, выклікаюць на гутаркі па месцы працы.
На якой падставе праводзяцца ператрусы — пакуль не вядома. Вядома, што мінімум трое чалавек было затрымана.
Таксама ў Мінску Казановіч Вольга Феліксаўна. Яе затрымалі пасля ператрусу дома.
Пасля ператрусу супрацоўнікі КДБ затрымалі Якуту Павел Аляксандравіча. Падчас ператрусу дома забралі ўсю тэхніку.
У межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса затрымалі Аляксея Адамовіча. Яго затрымлівалі з роварам перад Новым годам і асудзілі на "суткі". Потым не працягнулі кантракт на працы, ён працаваў фізруком у школе.
Сёння затрымалі адказнага сакратара партыі БХД (Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя) Дзяніса Садоўскага.
Вядома, што яго затрымалі на выхадзе з дома, падрабязнасці распавяла яго жонка Таццяна:
"Сёння раніцай інтэлігентныя людзі падышлі да Дзяніса, суправадзілі яго разам з дачкой да бальніцы на аналізы і назад. Сувязь з ім знікла. Віялета паднялася дадому адна, машына стаіць каля дома".
Дзе цяпер знаходзіцца Садоўскі — невядома.
Вярхоўны суд перанес дату працэсу па ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Разгляд іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі "БАЖ" перанесены на 27 жніўня ў сувязі з тым, што журналісцкая арганізацыя абскардзіла вынясенне папярэджання міністэрствам, якое фармальна стала прычынай для магчымага закрыцця. Працэс па абскарджанні папярэджання пройдзе ў Вярхоўным судзе 23 жніўня, а 27 жніўня суд вернецца да разгляду іску аб ліквідацыі арганізацыі.
Як піша "Наша Ніва", СК адмовіўся разблакаваць рахунках платформы «Імёны», каб грошы (545 тысяч даляраў) пайшлі на дабрачыннасць.
Заснавальніца праекта «Імёны» Кацярына Сінюк паведаміла, што Следчы камітэт адхіліў хадайніцтва, у якім арганізацыя прасіла разблакаваць рахункі, каб сабраныя на дабрачыннасць грошы пайшлі праектам — напрыклад, няням, якія глядзяць у бальніцах за дзецьмі-сіротамі, або невылечна хворым дзецям у хоспісе. На арыштаваных рахунках застаецца больш за 545 тысяч даляраў. Заплаціць заробак супрацоўнікам арганізацыі ці звольніць іх «Імёны» таксама не могуць.
Палітзняволеную валанцёрку Кіру Баярэнка адпусцілі на волю з «Валадаркі» да суда.
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Кіры змянілі меру стрымання з заключэння пад вартай. Да суда яе адпусцілі пад паручальніцтва родных. Пад вартай валанцёрка правяла паўгады.
Нагадаем, валанцёрку з Мінску Кіру Баярэнка затрымалі 10 лютага гэтага года і змясцілі пад варту. Ёй выставілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак. Паўгода яе атрымлівалі ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску.
Жодзіна
У Жодзіне затрымалі Аўчарэнкаў Васіля і Віктара Ігаравічаў. Перад затрыманнем у Віктара дома быў ператрус.
Магілёў
Сёння з ператрусам прыйшлі да сябра магілёўскай арганізацыі ТБМ Валянціны Краско, пішуць магілёўскія праваабаронцы. Прычыны невядомыя.
Як паведамляе MAYDAY, пенсіянера Івана Клішкова, затрыманага дома 10 жніўня за бел-чырвона-белы сцяг на сцяне балкона, з ІЧУ УУС Магаблвыканкама каля трох гадзін ночы забрала "хуткая дапамога". Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай стаў гіпертанічны крыз. У Івана Клішкова маецца інваліднасць 3-яй групы.
Віцебск
У Віцебску сёння па крымінальнай справе быў затрыманы Максім Жукаў. Падчас ператрусу ў яго канфіскавалі тэхніку. Максіма забралі на допыт у Следчы камітэт.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.
Крыніца: Затрыманні і ператрусы ў Беларусі працягваюцца 11 жніўня Дапоўнена