Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя паседжанні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праявы пратэсту. Па дадзеных праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з’яўляюцца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 368, 369 Крымінальнага кодэкса). Штодзень па ўсёй Беларусі адбываюцца суды па гэтых артыкулах. "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні судзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса. Пра справы па дыфамацыйных артыкулах, разгледжаных на папярэднім тыдні, можна пачытаць па спасылцы.
Паўтара года калоніі атрымала маці ў дэкрэце за абразу прэзідэнта і міліцыянта
У Лідзе паўтара года калоніі атрымала Таццяна Заверка, якая знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку (яе маленькаму сыну - 1 год і 8 месяцаў). Жанчыну асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 КК РБ (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 368 КК РБ (Абраза прэзідэнта). Таксама яна павінна выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды міліцыянту, прызнанай па справе пацярпелым. Таццяну ўзялі пад варту прама ў зале суда.
Вядома, што прадстаўнік улады, якога абразіла Таццяна, - гэта намеснік начальніка лідскага РАУС Дзяніс Жынко. Справу разглядаў судзьдзя Ігар Кашко.
"Гэтага д*біла, гэтага Лукашэнку, я не хачу слухаць"
У судзе Маскоўскага раёна Мінска адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Яўгена Шэдзікава, якога абвінавачвалі ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Справу вяла суддзя Лідзія Цяліца.
Сам Шэдзікаў - 70-гадовы пенсіянер, мае 3 групу інваліднасці, двойчы пераносіў інсульт, пасля чаго не мог размаўляць, мае іншыя захворванні. Падчас працэсу Яўген казаў вельмі павольна, часам з цяжкасцю адказваў на пытанні.
Па словах абвінавачанага, Яўген Шэдзікаў 30 студзеня 2021 года знаходзіўся дома, меў намер на абразу Лукашэнкі і хацеў прадставіць яго ва зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці, у стане алкагольнага ап'янення патэлефанаваў у міліцыю па нумары 102. На званок адказала Дыспетчар - супрацоўніца МУС Аўсіенка, абвінавачаны сказаў ёй: "І я вашага, гэтага д*біла, гэтага Лукашэнкі, я не хачу слухаць". Сваімі дзеяннямі Шэдзікаў здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжана ч.1 арт. 368 КК.
Шэдзікаў віну не прызнаў, але не адмаўляў, што тэлефанаваў у міліцыю. Ён патлумачыў, што глядзеў тэлевізар, выпіў алкаголь па стане здароўя. Яго абурыла тое, што ўбачыў па тэлебачанні, таму патэлефанаваў у міліцыю, сказаў колькі яму гадоў і хацеў выказаць нязгоду з тым, што прэзідэнту непрыстойна і нельга так выказвацца па ТБ. Якія менавіта словы казаў, мужчына не памятае. Адзначыў, што нікога не хацеў абразіць.
Ён сказаў, што не згодны з тым, што ён "палітычны тэрарыст". На пытанне адваката аб мэце званка адказаў, што думаў, што міліцыі запіша ў спісы тых, хто супраць улады, таму што хацеў, каб убачылі, што ёсць нязгодныя.
Сведкамі ў судзе выступілі жонка і дачка абвінавачанага. Сведка - міліцыянт Аўсіенка, якая прымала тэлефонны званок, у суд не з'явілася, у працэсе зачыталі яе пісьмовыя паказанні. Пасля ў судзе вывучылі пісьмовыя матэрыялы справы, у тым ліку заслухалі запіс тэлефоннай размовы Шэдзікава і супрацоўніцы міліцыі.
Абарона Шэдзікава настойвала, што званок у 102 не можа расцэньвацца як публічнае абразу, так як звароты ў міліцыю з'яўляюцца службовай таямніцай і не даступныя для шырокага кола людзей. Прасіў выклікаць і дапытаць у судзе супрацоўніцу Аўсіенка. Аднак гэтага так і не было зроблена.
У ходзе спрэчак бакоў пракурор казаў, што віна ў здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 368 КК даказаная ў поўным аб'ёме, і прасіў пакараць Шэдзікава абмежаваннем волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову тэрмінам на два гады, а таксама ўжыць меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму і псіхічнага захворвання амбулаторна. Менавіта такое пакараньне вынесла суддзя Лідзія Цяліца раніцай пятага жніўня.
Магілёўцы атрымалі "хатнюю хімію" за абразу міліцыянтаў
Суды Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Магілёў трэцяга жніўня вынеслі прысуды двум магілёўцам за абразу супрацоўнікаў міліцыі, піша MayDay.
3 жніўня ў судзе Ленінскага раёна суддзя Аксана Ратнікава прысудзіла Івана Заліўку да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго прызналі вінаватым у тым, што будучы ў стане алкагольнага ап'янення, ён пакінуў абразлівы каментар на адрас ўчастковага міліцыянта з Бабруйска ў групе Вольгі Карач у "Аднакласніках" ў ліпені мінулага года.
На працэсе Заліўка цалкам прызнаў сваю віну і паспрабаваў папрасіць прабачэння перад міліцыянтам, аднак той прабачэнні не прыняў і запытаў маральную кампенсацыю ў 1000 рублёў. Магілёвец прынёс грошы проста на судовае пасяджэнне і выплаціў міліцыянту грошы - для гэтага ў працэсе быў абвешчаны перапынак.
У суседнім будынку, у судзе Кастрычніцкага раёна, суддзя Вольга Краўчанка прысудзіла да аднаго года хатняй хіміі іншага магілёўца - Юрыя Зінавенкі. Як і ў выпадку з Заліўко, Зінавенка прызналі вінаватым у абразе супрацоўніка МУС праз каментар у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі". Праўда, на гэты раз міліцыянт быў з Ганцавічаў.
Сваю віну Зінавенка прызнаў. На працэсе ён абараняў сябе сам, без адваката. Таксама ён адмовіўся ад адваката. Адзінае, Зінавенка прасіў паменшыць суму маральнай шкоды, якую з яго патрабаваў пацярпелы (1,5 тысячы рублёў), аднак у гэтай частцы кампенсацыю яму давядзецца выплаціць цалкам. Затое адносна "пашанцавала" з прысудам - адзін год хатняй хіміі замест двух гадоў, якія патрабавала дзяржабвінаваўца.
Віцебск: паўтара года "хіміі" за абразлівы каментар
3 жніўня ў судзе Першамайскага раёна горада Віцебска па арт. 369 КК прызналі вінаватым 41-гадовага Аляксандра Васіна. Суддзя М. Юрчанка прысудзіў яго да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ - "хіміі", паведамляе пракуратура.
Паводле абвінавачаньня, 15 мая 2020 года Васін у «Аднакласніках» змясціў да публікацыі з фотавыявай супрацоўніка міліцыі ў форменным абмундзіраванні абразлівы каментар.
У судовым пасяджэнні абвінавачаны сваю віну прызнаў у поўным аб'ёме і раскаяўся. Ён растлумачыў, што паступіў так пасля чытання негатыўных каментароў да дадзенай публікацыі. Абвінавачаны добраахвотна выплаціў пацярпеламу матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 800 рублёў.
Два гады "хіміі" за каментар, напісаны пад уражаннем ад збіцця знаёмага
Суд Нясвіжа і Нясвіжскага раёна прызнаў 30-гадовага Андрэя Церахава вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і прысудзіў яго да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ - "хіміі". Таксама абавязаў яго выплаціць маральную кампенсацыю пацярпеламу ў суме паўтары тысячы рублёў. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў Маркевіч. Пацярпелым па справе прызнаны участковы інспектар ОПП Нясвіжскага РАУС, старшы лейтэнант міліцыі Руслан Карневіч.
Церахава прызналі вінаватым у тым, што 19 студзеня 2021 года ён наўмысна падрыхтаваў і апублікаваў тэкст каментара, які змяшчае выяўленую ў непрыстойнай форме абразу ў адрас Карневіча, якая змяшчае ненарматыўную форму маўленчага выказвання негатыўнай ацэнкі апошняга. На думку абвінавачання, мэтай каментара было прынізіць гонар і годнасць прадстаўніка ўлады. На думку абвінавачвання, гэта таксама прычыніла Карэнічу маральныя пакуты.
Андрэй Церахаў прызнаў віну цалкам. Распавёў, што яго ўразіла, калі яго знаёмы пасля затрымання выйшаў з Акрэсціна з сінякамі. Аповед знаёмага Церахава ўразіў так, што ён напісаў такі каментар. Абвінавачаны сказаў, што пацярпелы не звязаны з гэтай гісторыяй:
"У маёй галаве была такая прычынна-следчая сувязь, - распавёў ён. - Затрымалі чалавека, сказалі, што ў яго вісеў сцяг на акне, хоць яго не было. Я паверыў яго аповеду. А ў чат-групе было напісана, што гэты ўчастковы прыцягвае грамадзян да адказнасці, фальсіфікуючы пратаколы - прыкладна так».
Цяпер абвінавачаны лічыць, што паступіў непрыгожа, таму раскайваецца. Пацярпелы распавёў, што не ажыццяўляў ніякіх дзеянняў па спыненні масавых беспарадкаў, не хадзіў да людзей, не прасіў здымаць сцягі і не праводзіў гутаркі. Таму ён упэўнены, што ў чаце была размешчана недакладная інфармацыя. Карневіч ацаніў суму маральнай шкоды ў тры тысячы беларускіх рублёў.
"Я вельмі перажываў, мяне абмяркоўвалі сябры. Пасля працы прыходзіў і ўжываў лекавыя сродкі заспакойлівага характару", - распавёў ён.
Абвінавачаны спытаў у пацярпелага, адкуль узялася сума шкоды, на што Карневіч адзначыў, што гэта яго асабістае меркаванне. Таксама Церахаў адзначыў: "Пацярпелы кажа, што ён так моцна пакутаваў. Але прачытаўшы ўмоўна 20 каментароў, ён не пацярпеў, але пацярпеў, прачытаўшы менавіта мой".
Дзяржабвінаваўца запрасіў для Церахава два гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ - "хіміі", а таксама задаволіць грамадзянскі пазоў, зыходзячы з прынцыпу гуманнасці. Пацярпелы падтрымаў пазіцыю дзяржабвінавачання.
У спрэчках Андрэй Церахаў, які абараняў сябе сам, сказаў: "У мяне за ўсё жыццё адно адміністрацыйнае правапарушэнне, а вы просіце два гады з накіраваннем. Сур'ёзна? Гэта вось сур'ёзна? Я спатыкнуўся і напісаў каментар, і два гады павінен кароў даіць? Я сур'ёзна не разумею! І тры тысячы - за дзесяць літар! Я проста ў шоку. Так, я сяду і буду чакаць, пакуль не зменіцца ўлада. І што цяпер? Жыццё псаваць з-за гэтага каментара?».
Суддзя прысудзіў мужчыну да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ - "хіміі", а таксама абавязаў выплаціць паўтары тысячы рублёў кампенсацыі.
Галасаваў за Лукашэнку, але атрымаў паўтара года"хіміі"
Суд Жлобіна і Жлобінскага раёна прызнаў 45-гадовага Андрэя Андрэева вінаватым па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго на паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – "хіміі". Таксама суд абавязаў яго выплаціць на карысць пацярпелага 700 беларускіх рублёў. Справу разгледзеў суддзя Мікалай Сяргеевіч, бок дзяржабвінавачання падтрымала Марына Панчык.
Андрэева прызналі вінаватым у тым, што ў "Аднакласніках" абразіў старшага лейтэнанта ДАІ Ганцавіцкага РАУС Вольніча: напісаў пад постам Вольгі Карач слова "Тварь!" у дачыненні да гэтага супрацоўніка.
Пацярпелага дапытвалі па скайпе: ён адкрытым тэкстам сказаў, што яго выклікаў начальнік РАУС і загадаў напісаць заяву.
Андрэеў на пасяджэнні распавёў, што ён галасаваў за Лукашэнку, хоча, каб усё засталося, як ёсць, і нічога не змянялася. Пракурор Панчык папрасіла для Андрэева два гады "хіміі", а таксама спагнаць з яго маральную шкоду ў памеры 1500 беларускіх рублёў. У выніку суддзя Сяргеевіч прызначыў іншае пакаранне: паўтара года "хіміі" і 700 беларускіх рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Два гады "хатняй хіміі" за абразу памочніцы пракурора Касьянчык
Шостага жніўня суддзя Маскоўскага раёна Юрый Машкетаў вынес прысуд 31-гадоваму Аляксандру Шымановічу, інжынеру-тэхнолагу МАЗ. Яго прызналі вінаватым па арт. 369 КК і прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – "хатняй хіміі". Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Багук.
Аляксандра Шымановіча прызналі вінаватым у тым, што 21 лютага 2021 года ён наўмысна абразіў памочніцу пракурора Фрунзенскага раёна Аліну Касьянчык, размясціўшы ў телеграм-канале абразлівы "Сволач крывая". Гэтым ён публічна прынізіў яе гонар і годнасць, а таксама падарваў прэстыж наглядных органаў.
Шымановіч цалкам прызнаў віну. Ён распавёў, што ўбачыў пост у раённым чаце, перайшоў па спасылцы ў канал, бегла прагледзеў пост і, даведаўшыся, што Касьянчык з пракуратуры, напісаў каментар. Супраць яе асабіста ён нічога не меў. Аляксандр таксама распавёў пра свой негатыўны вопыт зносін з органамі: пару гадоў таму ён некалькі разоў звяртаўся ў пракуратуру і міліцыю з нагоды непрыемнага выпадку з яго сям'ёй, але не атрымаў ніякага выніку.
Ён адзначыў, што глыбока раскайваецца, усведамляе і шкадуе, што паступіў па-дурному і прыносіць свае прабачэнні. Пацярпелая Касьянчык на пасяджэнне не з'явілася з-за занятасці: яна напісала заяву, што не мае матэрыяльных прэтэнзій і ў выпадку ўстанаўлення віны просіць прызначыць пакаранне, не звязанае з ізаляцыяй ад грамадства. Жонка Шымановіча, якая выступіла сведкам, станоўча ахарактарызавала мужа.
Пракурор запытаў для абвінавачанага два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Суддзя падтрымаў пазіцыю дзяржабвінавачання.
Прысуд за смайлік ў выглядзе "какашкі"
У Івацэвічах асудзілі Вольгу К. за каментары ў адным з тэлеграм-чатаў. Ёй ставілася ў віну абраза прадстаўніка ўлады, у дадзеным выпадку, супрацоўніка Івацэвіцкага РАУС, піша "Першы рэгіён". Сярод іншага, жанчыне ставілася Публікацыя смайлікаў "какашка", якім яна ахарактарызавала супрацоўніка міліцыі.
Сам суд праходзіў у закрытым рэжыме, на першым пасяджэнні прадстаўнікоў прэсы суддзя Аляксандр Кірылавіч папрасіў пакінуць залу. Хадайніцтва аб закрытым судзе міліцыянт заяўляў: “У мэтах невыдавання звестак, якія змяшчаюцца ў крымінальнай справе, якія зневажаюць маю гонар і годнасць. А таксама для забеспячэння маёй бяспекі, як пацярпелага", - заявіў пацярпелы міліцыянт.
Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў вінаватым жанчыну ў гэтым злачынстве. Яе прысудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі". Акрамя таго, яна павінна выплаціць дзве тысячы рублёў кампенсацыі міліцыянту.
Яшчэ адно пакаранне за сарваны дзяржсцягі
2 жніўня суд Смаргонскага раёна вынес прысуд у дачыненні да 17-гадовага Аляксея Краўцова, якога абвінавачвалі ў здзеку над дзяржаўнымі сімваламі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса.
Хлопца абвінавачвалі ў тым, што ён сарваў дзяржаўны сцяг з Дома культуры ў аграгарадку Жодзінскі, зламаў дрэўка.
Краўцоў у судзе патлумачыў, што сарваў сцяг спантанна, на спрэчку з сябрамі без папярэдняй змовы. Калі зрываў сцяг, сламаў дрэўка, але яго кошт у 2 рублі 64 капейкі-кампенсаваў у дасудовым парадку. Сам сцяг быў вернуты цэлым і непашкоджаным Дому культуры.
Суддзя Людміла Міхневіч палічыла віну Аляксея Краўцова даказанай і пакарала яго абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год. Менавіта такі тэрмін запатрабаваў для хлопца дзяржаўны абвінаваўца.