У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да 43-гадовага шматдзетнага бацькі Леаніда Макранчука, якога вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушалі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) за падзеі 20 верасня 2021 года.
Справу вёў суддзя Дзмітрый Карсюк, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў пракурор Арцём Цвяткоў.
На пачатку працэса абвінавачаны хадайнічаў аб допуску яго бацькі ў якасці абаронцы, т.к. ён скончыў навучальную ўстанову МУС і працаваў раней следчым. Аднак пракурор выступіў супраць, спаслаўся на тое, што ў Макранчука ўжо ёсць прафесійны адвакат. Суд адмовіў у задавальненні хадайніцтва.
Пасля гэтага Леанід Макранчук падаў хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы ў яго дачыненні, так як не з’яўляўся актыўным удзельнікам супрацьпраўных дзеянняў: на падзяляльнай паласе праезднай часткі апынуўся пры пераходзе дарогі, лозунгі не выкрыкваў, у мітынгу ўдзелу не прымаў, знаходзіўся па вул. Ціміразева па асабістых справах. Рашэнне па гэтаму хадайніцтву суддзя адклаў да вынясення прысуду па справе.
Паводле абвінавачвання, Леанід Макранчук 20 верасня 2020 года, знаходзячыся ў горадзе Мінску на вуліцах Ціміразева, Няміга, Куйбышава, Чырвоная, праспектах Незалежнасці і Пераможцаў з'яўляўся актыўным удзельнікам незаконных дзеянняў, у тым ліку выходзіў на праезную часту дарогі, што прывяло да парушэння працы транспарту і прадпрыемстваў. Ён далучыўся да групы грамадзян, якія ўдзельнічалі ў супрацьпраўных дзеяннях і груба парушалі грамадскі парадак: публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, накіраваныя на доўгае парушэнне грамадскага спакою і адпачынку добрапрыстойных грамадзянаў. Таксама абвінавачаны перашкаджаў працы транспарту на вуліцы Ціміразева каля дамоў 10-28 і іншых названых вуліцах, што прывяло да спынення руху ў тым ліку гарадскога грамадскага транспарту.
Сваю віну Леанід Макрачук не прызнаў. Суду патлумачыў, што ў той дзень спачатку знаходзіўся дома, а потым перасоўваўся па горадзе, заязджаў у крамы і здзяйсняў там пакупкі. Абвінавачаны не памятае, у колькі прыехаў на вул. Ціміразева, 10. Пакінуў там машыну, схадзіў у краму "Суседзі", выйшаў з крамы і ўбачыў перамяшчэнне людзей. Дакладную колькасць назваць не змог, прыблізна – 100-200 чалавек.
На пытанне суддзі, як яны рухаліся, па тратуары ці праезнай частцы, адказаў: частка – па тратуары, частка – па праезнай частцы. Некаторыя людзі былі з бела-чырвона-белымі сцягі і выкрыквалі лозунгі. Якія менавіта лозунгі – Макрачук адказаць не змог.
Убачыўшы дадзеных грамадзян абвінавачаны прайшоў па пешаходным пераходзе да астраўка бяспекі, там сфатаграфаваў сябе на фоне людзей. У той час не бачыў ніякага транспарту, толькі на стаянцы стаялі аўтамабілі. Пасля чаго вярнуўся да свайго аўтамабіля.
Сцвярджаў, што сам лозунгі не выкрыкваў, нікога з прысутных на месцы падзей не ведаў, сумесна з іншымі ўдзельнікамі на праезную частку дарогі не выходзіў, рух транспарту не перакрываў.
На пытанне пракурора, ці мог транспарт рухацца там пры такіх абставінах, адказаў, што змог бы на невялікай хуткасці, і калі б кіроўцы пасігналілі, людзі б прапусцілі іх.
Сказаў, што ў іншыя дні ў масавых мерапрыемствах удзелу не прымаў. Ведаў са СМІ, што ў жніўні і верасні праходзілі мітынгі, а людзі выказвалі сваю пазіцыю. Сам у жніўні ўдзельнічаў у шэсці вернікаў ад Нямігі да Чырвонага касцёла, за што быў затрыманы і прыцягнуты да адказнасці ў выглядзі штрафу. Ведаў са СМІ, што ў жніўні і верасні праходзілі мітынгі, а людзі выказвалі сваю пазіцыю, але ўдзелу ў іх не прымаў.
Разгляд пісьмовых матэрыялаў справы і рэчыўных доказаў адбываўся ў закрытым судовым пасяджэнні ў сувязі з тым, што ў іх утрымлівалася інфармацыя з крыніцаў, прызнаных экстрэмісцкімі.
Падчас спрэчак бакоў Арцём Цвяткоў сцвярджаў, што дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна, але з абвінавачвання варта выключыць тое, што Макранчук выкрыкваў лозугі, бо гэтая інфармацыя не знайшла свайго пацверджання ў судовым следстве.
Дзеянні кваліфікаваныя дакладна, але з абвінавачвання варта выключыць тое, што ён выкрыкваў лозунгі, бо ў судовым пасяджэнні былі прагледжаныя відэазапісы, якія гэта абвяргаюць. Вывучэнне тэлефона абвінавачанага паказала, што ён з'яўляўся актыўным удзельнікам пратэстаў у жніўні і верасні. Таксама гэта пацвярджаецца яўкай з павіннай і прызнальнымі паказаннямі. Паводле звестак Мінсктранс была парушаная праца транспарту.
Пракурор прасіў прызнаць Леаніда Макранчука вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і пакараць яго абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
Абаронца ўказаў, што акрамя таго, што ў судзе не было даказана выкрыкванне лозунгаў Макранчуком, не было даказана і наўмыснае перакрыццё руху ім. Па яго меркаванню, дзеянні абвінвачанага не падпадаюць пад артыкулы Крымінальнага кодэкса: Леанід знаходзіўся на паласе, якая падзяляе дзве сумежныя праезныя часткі дарогі і не прызначаная для руху транспартных сродкаў. Адзіным доказам у справе якога-небудзь удзелу ў мітынгку Макранчука з'яўляецца відэазапіс, зроблены ім самім. У відэа ўгледжваецца, што ў руках абвінавачаны не трымае ніякай сімволікі, ідзе па падзяляльнай паласе, а не праезнай часцы дарогі, ён асабіста не блакуе рух ніякіх транспартных сродкаў.
Пры гэтым, яўка з павіннай не з’яўляецца доказам, бо ў судовым пасяджэнні абвінавачаны не пацвердзіў тыя абставіны, якія былі пазначаныя ў яўцы. Таксама Макранчук заявіў, што пісаў яе пад псіхалагічным і фізічным ціскаў, а довады, якія ён выклаў у яўцы, не знайшлі свайго пацвержання ў судзе. Абаронца прасіў апраўдаць Леаніда Макранчука, бо ў яго дзеяннях няма складу злачынства.
У апошнім слове абвінавачаны сказаў, што злачынства не здзяйсняў, дадзеныя ў судзе паказанні адпавядаюць рэчаіснасці, прасіў суд спыніць крымінальную справу ў дачыненні да яго.
Пасля перапынку суддзя Дзмітрый Карсюк агалосіў прысуд, паводле якога Леанід Макранчук быў прызнаны вінаватым і пакараны трыма гадамі абмежаванні волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Крыніца: За фотаздымак на фоне пратэстоўцаў Леаніда Макранчука асудзілі на тры гады “хіміі”