У судзе Маладзечанскага раёна пятага жніўня распачаўся суд над адзінаборцам Аляксеем Кудзіным, затрыманым у Расіі і экстрадаваным у Беларусь 21 ліпеня. Аляксея вінавацяць паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення). Справу разглядае суддзя Вольга Дубовік, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляе пракурор Жук. Пацярпелымі па справе прызнаны прапаршчык унутраных войскаў Яндола і падпалкоўнік Зорын. Перад пачаткам пасяджэння каля будынку было шмат супрацоўнікаў праваахоўных органаў у форме і ў цывільным, у зал суда прапускаці праз рамку, і не ўсе жадаючыя змаглі трапіць на працэс.
- Аляксей Кудзін у светлай майцы і чорнай кепцы (другі злева) падчас разгону акцыі 10 жніўня. Фота – “Рэгіянальная газета”.
На пачатку суда Аляксей Кудзін, які знаходзіцца пад вартай, хадайнічаў аб спыненні крымінальнай справы ў сувязі з прымірэннем бакоў. Аднак з гэтым пагадзіўся толькі пацярпелы Яндола. Іншы пацярпелы і пракурор выступілі супраць, таму хадайніцтва не было задаволена.
Згодна з абвінавачваннем, Кудзін падчас жнівеньскай акцыі пратэсту ў маладзечна нанёс удары Яндоле і Зорыну. Абвінавачаны пагадзіўся з тым, што ўдары былі, аднак сказаў, што зрабіў гэта не наўмысна, а ў мэтах самаабароны. Калі яго спыталі, ці прызнае ён сваю віну, ён ухіліўся ад прамога адказу, сказаўшы, што прызнае той факт, што ад яго дзеянняў пацярпелі два сілавіка.
На допыце Кудзін распавёў, што не ўдзільнічаў у самой акцыі пратэсту, а стаяў воддаль з прыяцелем і з цікавасці назіраў за тым, што адбывалася. Калі пачаўся разгон, ён адразу не ўцякаў, бо не лічыў, што здзяйсняў штосьці незаконнае. Але калі на яго пачалі наступаць супрацоўнікі сілавых структур, то дзейнічаў машынальна ў мэтах самаабароны.
Кудзін яшчэ раней сплаціў кампенсацыю двум пацярпелым: Яндоле – 15 тысяч рублёў, Зорыну – чатыры тысячы.
Будзе дапоўнена
Гісторыя Аляксея Кудзіна
Аляксей Кудзін – беларускі баец ММА, шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе. Заслужаны майстар спорту Беларусі. Праходзіў тэрміновую службу ў спецназе ўнутраных войскаў у роце выведкі. Стаў першым беларускім спартсменам, які атрымаў дапамогу ад Фонду спартыўнай салідарнасці.
Аляксея затрымалі 10 жніўня на цэнтральнай плошчы Маладзечна. Два тыдні ён правёў у Маладзечанскім РАУС і СІЗА ў Жодзіна, пасля яго меру стрымання змянілі на хатні арышт, а перад судом, які мусіў пачацца ў лістападзе 2020 года, - пад падпіску аб нявыездзе. Першы суд над Аляксеем быў прызначаны на 19 лістапада, аднак на пасяджэнне адзінаборац не з’яіўся, і яго абвясцілі ў вышук.
Суд над Аляксеем Кудзіным не адбыўся. Яго абвясцілі ў вышук
21 студзеня Аляксея Кудзіна затрымалі ў Маскве па запыце беларускіх уладаў і змясцілі ў СІЗА. Было прынята рашэнне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь. 25 чэрвеня Маскоўскі абласны суд адмовіў у скарзе абаронцаў Аляксея на рашэнне аб экстрадыцыі. І хоць у ліпені Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю байца Аляксея Кудзіна ў Беларусь, 21 ліпеня, пасля сканчэння тэрміна ўтрымання пад вартай у маскоўскім СІЗА, Кудзіна адразу ж вывезлі ў Мінск.
Шэсць беларусаў сядзяць у расійскіх ізалятарах у чаканні экстрадыцыі за пратэсты на Радзіме. Расказваем іх гісторыі
Крыніца: Ударыў, але ненаўмысна. У Маладзечне пачалі судзіць адзінаборца Аляксея Кудзіна