Іллюстрацыйнае фота Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 27 ліпеня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску на грамадзянаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Сайт і ўсе сацыяльныя сеткі тэлеканала БЕЛСАТ ад сёння прызнаныя экстрэмісцкімі. Такое рашэнне па заяве восьмага ўпраўлення ГУБАЗіК вынес суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля.

Як паведамляе тэлеграм-канала MAYDAY, з'явілася інфармацыя пра затрыманне ў Магілёве прыхільніцы Віктара Бабарыкі Ганны Ільіной. Па непацверджанай інфармацыі ёй ставяць у віну абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК).

У Навагрудку тэлефануюць людзям, якія раней прыцягваліся да адказнасці паводле артыкула 23.34 КаАП, і выклікаюць у РАУС для пастаноўкі на “ўлік”. Пра аналагічныя выклікі паведамляюць і ў Гародні.

У людзей бяруць адбіткі пальцаў, запісваюць голас, бяруць пробы ДНК і фатаграфуюць.

Чытачы паведмаляюць тэлеграм-каналу Белсат, што Жанне Баброўскай, якую выклікалі сёння ў Навагрудскі РАУС, стала кепска. Да аддзялення прыехала машына хуткай дапамогі.

Яшчэ ў лютым Жанну Баброўскую прысудзілі да адміністрацыйнага арышту проста за ўдзел у экскурсіі па родным горадзе.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі. Пра гэта паведамляе тэлеграм канал «Выборы видишь?» са спасылкай на БелаПАН.

Дачка Рыгора Кацярына сказала, што 27 ліпеня бацьку ў СІЗА наведала яго абаронца Інэса Аленская. Стан здароўя 64-гадовага палітыка, па словах дачкі, пагоршыўся. У суботу 24 ліпеня яму выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу за 27 ліпеня