Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Пасля шырокамасштабнай атакі на прадстаўнікоў незалежных СМІ, ператрусаў, допытаў і затрыманняў, якая доўжылася два дні 8 і 9 ліпеня, у панядзелак, 12 ліпеня, працягваецца пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Брэст
Днём 12 ліпеня да Маргарыты Вялічкінай — жонкі праваабаронцы і кіраўніка брэсцкай філіі Праваабарончага цэнтра "Вясна" Уладзіміа Вялічкіна —КДБ прыйшло з ператрусам па двум адрасам.
Гэта ўжо другі ператрус у сям'і праваабаронцы: 16 лютага падчас масавай атакі на праваабаронцаў і актывістаў у Вялічкіных таксама праводзіўся ператрус у межах арт. 342 КК. Сам Уладзімір з'ехаў ад пераследу з Беларусі яшчэ ўзімку.
Дзяржынскі раён
Раніцай у пасёлку Энэргетыкаў Дзяржынскага раёна затрымалі 26-гадовага Максіма Шыпова. Мяркуецца, што яго звезлі ў Дзяржынск. Прычына затрымання пакуль невядомая.
Глыбокае
Журналіста-фрылансера Змітра Лупача вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання Глыбоцкага РАУС пасля трох сутак зняволення, піша "БАЖ". 8 ліпеня сілавікі затрымалі журналіста ў санаторыі “Пліса”, дзе той адпачываў. Перад гэтым зранку прыязджалі да яго дадому. Пасля затрымання міліцыя ў той жа дзень зладзіла ў кватэры журналіста ператрус, забралі мабільны тэлефон.
Падставай для затрымання стала крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні), распачатая з прычыны відэароліка ў тэлеграм-канале “Глубокое для жизни”. У гэтым відэа, на думку міліцыі, быццам бы ўтрымліваюцца выказванні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў на адрас сілавікоў. Змешчаны відэаролік быў пад нікам “Zmagar BNR”.
Як вынікае з дакументаў, якія атрымаў Зміцер Лупач, падазраваным па крымінальнай справе яго зрабіў начальнік Глыбоцкага раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнік Плікат Сяргей Міхайлавіч: ён пастанавіў затрымаць журналіста і ўтрымліваць у ІЧУ Глыбоцкага РАУС.
Акрамя Змітра Лупача пад так званую “зачыстку”, якую праводзілі сілавікі ў Глыбокім і наваколлі, трапіла некалькі грамадскіх актывістаў з Докшыц і Глыбокага. Пяцёра з іх адседзелі ў ІЧУ 72 гадзіны, з іх — адна жанчына.
Мінск
Следчы камітэт Беларусі наклаў арышт на банкаўскі рахунак Аляксандра Чахоўскага, выканаўчага дырэктара Беларускай Рады культуры і прадусара спявачкі Маргарыты Ляўчук, піша By_Culture.
“Я дазнаўся пра гэта ад кансультанта свайго банку, калі запытаўся, чаму раптам заблакавалі маю беларускую картку. Ані свайго статусу, ані іншых падрабязнасцяў я не ведаю”, — зазначае Аляксандр.
Стала вядома, што палітзняволенага журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна абвінавачваюць у перакрыцці руху транспарту — знайшлі яго фота на маршы, дзе ён стаіць на дарозе. Яму ікрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
«Трыбуна» даведалася аб стане Аляксандра Івуліна ад яго экс-сукамерніка:
"Саня ў парадку наколькі гэта ўвогуле магчыма ў такім месцы. Ён на пазітыве і моцны духам, такія не ламаюцца. Кожны дзень трэніруецца і размінаецца як дазваляюць умовы «хаты». Вядома, месяц у ЦІП не мог прайсці незаўважна, схуднеў і аброс як маджахед, толькі рыжы. Але ён малайчына, трымаецца бадзёра, пазітыўна, кожны дзень зарадка, размінка, расцяжка".
Паведамляецца, што для «палітычных умовы сапраўды жэсць»: не аддаюць перадачы, забралі матрацы і падушкі і даводзіцца спаць на голых дошках, выводзяць з камеры ў асноўным «ластаўкай».
Івуліна перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.
Крыніца: Ператрус у сям'і брэсцкага праваабаронцы, затрыманні: хроніка пераследу 12 ліпеня