7 ліпеня ў Гомелі па другой крымінальнай справе пачалі судзіць непаўналетняга палітвязня Мікіту Залатарова, пішуць "Моцныя навіны".
У лютым падлетка асудзілі па справе аб "кактэйлях Молатава" і прысудзілі да 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Цяпер яго абвінавачваюць у нападзе на супрацоўніка СІЗА, а таксама ў пагрозах на адрас супрацоўніцы ізалятара і членаў яе сям'і.
Пракурор прад'явіў абвінавачванне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса — "Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў". Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне аж да пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў.
Мікіта Залатароў прызнаў віну, але дадаў:
"Гэта быў не гвалт, а супраціў. Абразлівыя словы я вымавіў на эмоцыях".
Падчас судовага допыту Мікіта Залатароў сказаў:
"З-за таго, што мяне судзілі па "палітычных" артыкулах, да мяне ў СІЗА дрэннае, негуманнае стаўленне. Я даўно, амаль два месяцы, сядзеў адзін і ўжо не вытрымліваў: мяне проста "падрывае" ў такой сітуацыі.
Я неаднаразова прасіў падсадзіць каго-небудзь да мяне ў камеру. Я баюся заставацца там адзін. У мяне эпілепсія. Таблеткі я атрымліваю нерэгулярна: часам толькі пасля таго, як спецыяльна звяртаюся па гэтым пытанні да медыка. Калі ў мяне ў адзіночцы пачнецца прыступ, хто мне дапаможа?"
Напярэдадні таго самага дня, калі адбыўся інцыдэнт, у камеры Мікіты адбылася паломка сантэхнічнага абсталявання. Яго вывелі з памяшкання, ён усю ноч правёў у кабінеце псіхолага.
"Раніцай мяне хацелі вярнуць у камеру, але я даведаўся, што там не прыбрана. Я адмовіўся вяртацца ў брудную камеру. У адказ пачуў: "Калі ты не пойдзеш сваім ходам, то мы цябе занясем". Потым мне пачалі заломваць руку, мне стала вельмі балюча. Я спрабаваў вызваліцца, і ў мітусні так атрымалася, што зрабіў падножку аднаму з супрацоўнікаў", — распавёў Мікіта.
Хлопец сцвярджае, што ніякіх удараў супрацоўніку ён не наносіў, за вопратку і часткі цела не хапаў: "Я зачапіў толькі маску".
У завяршэнне Мікіта сказаў:
"Я добры чалавек. Я мухі не пакрыўджу, калі да мяне нармальнае стаўленне".
Пацярпелыя хадайнічалі перад судом аб правядзенні іх допыту ў закрытым рэжыме з мэтай забеспячэння асабістай бяспекі. Бок абвінавачвання падтрымаў іх хадайніцтва.
— Не хачу, каб мае фатаграфіі і нейкія звесткі з'яўляліся на розных інтэрнэт-парталах. Мікіта Залатароў у нас вядомая асоба, так што гэта цалкам можа здарыцца, — заявіў адзін з пацярпелых.
— Ці можа суд забараніць прысутным у зале хаця б запісваць нашы паказанні? — пацікавілася іншая пацярпелая.
Суд адхіліў гэта хадайніцтва. Допыт пацярпелых прайшоў у адкрытым рэжыме.
Адзін з пацярпелых заявіў, што прычынай канфліктнай сітуацыі стала адмова Мікіты Залатарова вярнуцца ў непрыбраную камеру.
"Камеры ў СІЗА прыбіраюць тыя, хто ў іх утрымліваецца. Спецыяльнага персаналу для уборкі камер у нашай установе няма. Так што патрабаванні Мікіты былі незаконнымі", — сказаў пацярпелы.
Ён таксама паведаміў, што выконваў вусны загад начальніка ўстановы, калі выдвараў Мікіту з кабінета ў камеру з ужываннем сілы. Па загадзе начальніка ён выкарыстаў і спецсродкі —кайданкі.
"Залатароў хапаў мяне за валасы, за вуха, сарваў маску, — казаў пацярпелы. — Лежачы на падлозе, ён выкрыкваў пагрозы на адрас супрацоўнікаў СІЗА, няспынна мацюкаўся".
Пацярпелы заявіў іск аб кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай злачынствам, у памеры 1000 рублёў.
— Вы такі вялізны, фізічна моцны чалавек. Як вы не змаглі скруціць такога маленькага? — спытаў адвакат Мікіты Залатарова ў пацярпелага.
— Гэта пытанне не да мяне, а да Мікіты, — адказаў той.
Пацярпелая супрацоўніца СІЗА высунула сваю версію таго, што адбылося, 20-21 сакавіка. На яе думку, Мікіту вывела з сябе тое, што ў той дзень ён не атрымаў перадачу, якую чакаў. Па словах супрацоўніцы, ён у лютасьці фактычна разграміў камеру, заліў падлогу вадой. У кабінеце псіхолага Мікіта, па меркаванні пацярпелай, дэманстраваў прыкметы істэрычных паводзін. Яго агледзеў спецыяліст-псіхіятр і нічога паталагічнага не выявіў. Калі Мікіту сілком выдваралі з кабінета псіхолага, ён выказаў пагрозы ў адрас пацярпелай і яе сям'і: "Выйду, спалю!"
Па сцвярджэнні Мікіты Залатарова, ніякіх планаў помсты ў дачыненні да супрацоўніцы СІЗА ён не выношвае, усё сказанае тлумачыцца станам, у якім ён тады знаходзіўся. А на яго прабачэнні, пацярпелая адказала, што "цяпер такі час, што ўсё можа здарыцца". Пацярпелая таксама прад'явіла абвінавачанаму іск у 1000 рублёў.
Маці Мікіты Лілія Залатарова заявіла суду:
— Мне толькі застаецца прадаць сябе на органы. Я не працую, у мяне няма нерухомасці, якую можна прадаць. Я не ведаю, як я змагу выплаціць гэтыя пазовы.
Мікіта звярнуўся да суддзі і сказаў, што хоча зрабіць заяву. Ён паведаміў, што яго па-ранейшаму часта б'юць у СІЗА: «адводзяць ад камер і наносяць удары дубінкай». Паскардзіўся Мікіта і на тое, што ў камеру да яго падсаджваюць асоб з сумнеўнай, з яго пункту гледжання, рэпутацыяй, якія правакуюць яго.
Бацька Мікіты Міхаіл Лапуноў пасля пасяджэння сказаў:
— Калі ў жніўні Мікіту затрымалі, ён наогул не разумеў, што адбываецца, і ўвесь час пытаўся: "Тата, за што? Тата, калі я пайду дадому?» Вы ўяўляеце, як можа адчуваць сябе чалавек, які не зрабіў нічога дрэннага, а яго называюць злачынцам і адпаведна ставяцца? А цяпер уявіце, што гэты чалавек — 16-гадовы хлопчык, які пакутуе на цяжкае хранічнае захворванне. Мікіта да апошняга верыў, што спачатку следства, потым суд ва ўсім разбярэцца — і ён выйдзе на волю. Але калі стала зразумела, што спадзявацца няма на што, у Мікіты здарыўся нервовы зрыў. Усё пагаршалася тым, што Мікіта тады доўга ўтрымліваўся ў адзіночнай камеры, што для яго было сапраўдным катаваннем, нерэгулярна атрымліваў лекі, якія адмяняць катэгарычна забаронена.
Дарослы здаровы чалавек не вытрымаў бы ўсяго гэтага і сарваўся. Што ж чакаць ад падлетка, які сутыкнуўся з такой страшнай несправядлівасцю?