Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. 2 ліпеня адбываюцца затрыманні, ператрусы, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, працягваецца ціск на палітвязняў. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Брэст
Сёння ў Брэсце затрымалі мінімум два чалавекі. З дому забралі Кандрацюк Тамару. Берасцейцы таксама бачылі, як у ІЧУ заводзяць жанчыну, яна прадставілася Маладчык Вольгай (магчымая памылка ў напісанні прозвішча). Двое супрацоўнікаў вялі яе ў ізалятар, у руках у жанчыны быў сістэмны блок кампутара.
Як перадае "Вясна: Палітвязні Беларусі", палітвязень Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь. 28 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёна Брэста павінен быў пачацца працэс над грамадскім актывістам і палітвязнем Андрэем Шарэндам, які 31 траўня быў змешчаны пад хатні арышт. Але на суд ён так і не з’явіўся, таму суддзя Вера Філонік абвясціла Андрэя Шарэнду ў вышук. Праваабаронцам стала вядома, што Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь.
Супраць Андрэя ўзбуджаны дзве крымінальныя справы: па артыкуле 361 КК (Заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы) і па артыкуле 368 КК (Абраза прэзідэнта). 9 чэрвеня яго жонку Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Жанчыну абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 364, арт. 368 і арт. 369.
Пружаны
Раніцай у Пружанах былі затрыманыя мінімум трое: Юрый Папко, Баран Ганна і Дзевенцейчык Анатоль. Імя Анатоля нядаўна гучна прагучала ў краіне: быў выкладзены аўдыёзапіс, на якім дырэктар лясгаса (дзе працаваў мужчына) казаў пра нейкі загад аб звальненні, пракуратуры і нязгодзе з дзяржавай. Анатоля звольнілі па артыкуле, але ён спрабаваў гэта аспрэчыць у судзе (пакуль беспаспяхова). Сёння ж Анатоль збіраўся падаваць скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі, і калі ехаў на машыне побач з судом - быў спынены супрацоўнікамі ДАІ. Далей, як паведамілі знаёмыя Анатоля, пад'ехала іншая міліцэйская машына, з якой выбеглі 4 супрацоўнікаў у масках. На дапамогу да Анатоля прыехала Баран Ганна, і іх дваіх забралі ў РАУС.
Юрыя Папко, як паведамілі "Вясне", затрымалі каля 8 раніцы, калі ён выходзіў з дома з дзіцем. Ён паспеў адвесці дзіцяці дадому, і яго забралі ў РАУС.
Жабінка
У Жабінцы затрымалі бацьку траіх дзяцей Сяргея Куліка. Перад гэтым у яго дома ў 7 раніцы правялі ператрус.
Мінск
На журналіста канала «Настоящее время» Рамана Васюковіча склалі пратакол за працу без акрэдытацыі і сёння будуць судзіць. Журналіста вінавацяць за выхад у прамы эфір праграмы “Главное” 25 чэрвеня, піша @bajby. Сёння журналіста выклікалі ў Першамайскі РУУС Мінска, дзе апыталі з нагоды яго супрацоўніцтва з міжнародным тэлеканалам «Настоящее время». Таксама міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ (арт. 23.5 КаАП).
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Масавыя затрыманні ў рэгіёнах. Хроніка пераследу 2 ліпеня Дапоўнена