Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. 1 ліпеня адбываюцца затрыманні, ператрусы, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, працягваецца ціск на палітвязняў. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Віцебск
Сілавікі прыйшлі да віцебскай актывісткі Таццяны Севярынец, маці палітвязня і сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца.
Пра гэта Тацяна Севярынец напісала на сваёй старонцы ў Facebook.
«Мае расповеды перарваў ператрус: тры хлопцы і два панятыя. Забралі Пашавы кнігі „Люблю Беларусь“, мой знакаміты парасон, бел-чырвона-белыя сьцяжкі, што стаялі ў пакоях, нават адзін вязаны. Я ім прапанавала шкарпэткі з бчб-палоскай. Але праігнаравалі».
Паводле Тацяны Севярынец, у першы дзень ліпеня яна не адна ў Віцебску прымала «нечаканых гасцей». Прозвішчы астатніх высвятляюцца і прычыны зацікаўленасці сілавікоў віцеблянамі высвятляюцца.
Магілёў
Як паведмаляюць магілёўскія праваабаронцы, мясцоваму актывісту, былому лідару "Маладога фронта", Валянціну Лабачову прад'явілі абвінавачвання па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта). Яго трое сутак утрымлівалі ў ІЧУ. Да суда ён будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
За апошнія паўгода ў яго прайшлі два ператрусы ў рамках крымінальных спраў. Апошняе адбылося 9 чэрвеня –супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС заявіліся ў кватэру, дзе жыве Лабачоў і правялі ператрус у рамках арт. 368 КК. У яго забралі пашпарт, каб ён не мог пакінуць Рэспубліку Беларусь, а таксама мабільны тэлефон. Таксама супрацоўнікі міліцыі запісалі "пакаяльнае відэа", у якім Лабачоў прызнае сваю віну і заклікае ўсіх "не рабіць падобнага".
На 28 чэрвеня яго выклікалі ў Следчы камітэт у якасці падазраванага па крымінальным злачынстве. З СК Лабачоў не выйшаў.
Мінск
Раніцай каля Мінскага раённага суда была затрыманая 68-гадовая Любоў Кучынская. Нейкі час яе пратрымалі ў Ленінскім РУУСе і вызвалілі. Прычыны затрымання высвятляюцца.
Інфармацыя дапаўняецца.