Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24 чэрвеня працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, працягваецца ціск на палітвязняў. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Гомель
Раніцай да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай прыязджалі міліцыянты, піша "Гомельская вясна". Яны хацелі прымусова завезці яе ў суд у АУС Гомельскага раёну (яе абвінавачваюць у супрацы з "Белсатам" без акрэдытацыі). Пры гэтым позву ў суд фрылансерка атрымала толькі учора ўвечары.
Ларыса звязвае такую міліцэйскую актыўнасць з пачаткам працэсу па "справе Ціханоўскага". Журналістка ехаць адмовілася і паабяцала да СІЗА, дзе будуць судзіць палітзняволеных, не ісці.
Таксама ў Гомелі на сем гадзін (з 11.00 да 18.00) быў затрыманы журналіст-фрылансер Андрэй Толчын. Раніцай ён здымаў пад СІЗА сюжэт пра пачатак суду над Статкевічам, Ціханоўскім, Сакавым, Паповым, Цыгановым і Лосікам. Яго адпусцілі з АУСў Цэнтральнага раёну з пратаколам па арт. 23.5 КаАП РБ ("Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ"). У яго забралі камеру, мікрафон, штатыў, карты памяці.
Генпракуратура паведаміла, што прадукцыя тэлеграм-каналаў «Лебяжий 97%», «Лебяжий 97 % чат», «Центральный 97% прызнана экстрэмісцкай.
Баранавічы
Мужчына з Баранавічаў паказаў непрыстойны жэст у бок спін міліцыянтаў — на яго склалі два пратаколы. МУС паведамляе, што на аўтара відэа «выйшлі аператыўнікі ГУБАЗіК, калі выяўлялі экстрэмісцкія матэрыялы ў інтэрнэце». На мужчыну склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне пры затрыманні. Зараз маладога чалавека правяраюць на «дачыненне да іншых фактах супрацьпраўнай дзейнасці крымінальнага і пратэстнага толку».
Мінск
"Вясне" паведамілі пра затрыманне Андрэя Антонава.
"Наша Ніва" піша, што жыхары Грушаўкі паведамляюць у чатах пра затрыманне каля 10 чалавек каля дома Дзяржынскага, 11. Інфармацыя ўдакладняецца.