Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Як паведамляе Белсат, "Газету Слонімскую" адмаўляюцца друкаваць у Беларусі. Штотыднёвік не выходзіў паўгода – з восені 2020 года.

Зараз газета аднаўляе выхад, але гарадзенская друкарня адмовілася ад ранейшага супрацоўніцтва. Не ўзяліся друкаваць наклад таксама ў Пінску і Берасці.

Аказваецца ціск на святароў і іх канфесіі. Пра гэта паведамляюць прадстаўнікі хрысціянскіх цэркваў: каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай.

Так, ноччу пабілі аўтамабіль і пашкодзілі будынак курыі Рымска-каталіцкага касцёла ў Мінску.

Следчы камітэт паведамляе, што затрыманы 56-гадовы мужчына, які раскідаў металічныя шыпы каля Першамайскага РУУС у Мінску і пашкодзіў пяць аўтамабіляў на суму больш за 250 рублёў. 

Яго вінавацяць па ч. 1 арт. 339 (хуліганства), ч. 2 арт. 339 (хуліганства, здзейсненае паўторна) і ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 339 (замах на хуліганства, здзейсненае паўторна) КК РБ.

Мастаку Алесю Пушкіну працягнулі тэрмін утрымання пад вартаю да 30 жніўня. 

За кратамі Алесь ужо больш за 2 месяцы. Яго вінавацяць у тым, што дэманстрацыяй партрэту антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара ён "рэабілітуе нацызм". Мастаку пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Што адбываецца 4 чэрвеня ў Беларусі? Хроніка палітычнага пераследу