Праваабарончы цэнтр "Вясна" другога чэрвеня працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Зранку да вядучага і шоўмэна Дзяніса Дудзінскага і яго жонкі піяр-мэнэджэркі Кацярыны Раецкай прыйшлі прадстаўнікі фінансавай міліцыі. У прэс-службе КДК паведамілі, што ў дачыненні да Дзяніса Дудзінскага органамі фінансавых расследаванняў праводзяцца праверачныя мерапрыемствы па пытаннях падаткаабкладання.

Суседзі Дудзінскага распавялі TUT.BY, што прадстаўнікі праваахоўных органаў аглядалі кватэру ўважліва. З таго, што ведаюць суседзі, з кватэры забралі ноўтбук, тэлефоны Дзяніса і Кацярыны, а таксама тэчкі з дакументамі. "Дзяніс спакойна казаў, што ў іх усе выплачана, яму адказалі: "праверым", —  перадаюць агульны сэнс таго дыялогу суседзі.

З адвакатам Дзянісу Дудзінскаму звязацца не дазволілі. Затым, як разумеюць суседзі, Дзяніса і Кацярыну павезлі на іх другую кватэру.

dudzinsky_raeckaja.jpg
Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая

Стала вядома, што з вобшукам прыйшлі ў кватэру музыканта Аляксея Кузьміна, саліста гурта "Закон Гука". У двары яго дома ў Грушаўцы  стаіць сіні Форд Транзіт з АМАПам.

Праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла выкліканы ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска трэцяга чэрвеня для дачы тлумачэнняў наконт інтэрв'ю рэсурсу Charter97.org, дзе ўзгадваецца Аляксандр Лукашэнка.

Трое палітвязняў-палякаў вызвалены і знаходзяцца ў Польшчы

Ірэна Бярнацкая, Марына Цішкоўская і Ганна Панішава, затрыманыя па "справе палякаў" па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне варожасці) знаходзяцца ў Польшчы з 25 траўня, піша "Радыё Свабода". Як паведаміла МЗС Польшчы, у выніку дзеяньняў польскіх дыпляматычных і консульскіх службаў 25 траўня 2021 года ў Польшчу прыехалі актывісткі польскай меншасьці з Беларусі Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўска і Ганна Панішэва. Гэтым людзям была аказана неабходная падтрымка і аказаны адпаведны догляд.

Будзе дапаўняцца

Крыніца: Фінансавая міліцыя ў Дудзінскага і вызваленне палітвязняў-палякаў. Хроніка пераследу другога чэрвеня