Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне ў выходныя 29 і 30 траўня. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
У Гродне днём 30 траўня затрымалі галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту. Затрыманне адбылося ля дома журналіста, паведамляе БАЖ.
Як распавялі TUT.ВУ калегі Аляксея, ён быў з дзецьмі дома. Відавочцы бачылі, што да дома пад'ехаў таніраваны бусік, а з пад'езда вывелі Аляксея. Дзеці засталіся з бабуляй.
29 траўня была затрыманая студэнтка журфака і журналістка “Народнай Волі” Глафіра Жук. Яна паспела паведаміць бацькам, што яе вязуць у Маскоўскае РУУС за тое, што 14 траўня яна прыйшла да Дома Правасуддзя, дзе пачынаўся разгляд “Справы студэнтаў”, паведамляе тэлеграм-канал “Журфак без цензуры”. Глафіра была ў той дзень каля суда па працы, яе матэрыял выйшаў на сайце выдання.
Меркавана ў панядзелак над ёй адбудзецца суд. Дзяўчыну затрымалі за два дні да яе дня народзінаў.
Крыніца: У Гродне і Мінску ў выходныя затрымалі журналістаў. Хроніка палітычнага пераследу 29-30 траўня