Суд Маскоўскага раёна Берасця 20 траўня вынес прысуд па крымінальнай справе Уладзіміра Шурубейкі, абвінавачанага ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Яўген Брэган, дзяржабвінаваўца - Дзягель.

Паводле версіі следства, 22 верасня 2020 года Уладзімір Шурубейка ў адкрытым viber-чаце "Вычулкі.Ямна", "з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і кіраванню" размясціў паведамленне ў дачыненні да супрацоўніка органаў дзяржбяспекі Сямёнава Дзяніса, якое змяшчае ў сабе негатыўную ацэнку асобы, а менавіта назваў яго "с*ыкло, чмо і ныцік".

На папярэднім судовым пасяджэнні пракурор Дзягель у судовых спрэчках заявіў, што знаходзіць віну Шурубейкі цалкам даказанай, і папрасіў пакараць мужчыну 2 гадамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу - "хіміі".

Наконт папярэдне агучанай матэрыяльнай прэтэнзіі Дзяніса Сямёнава ў памеры 2 500 рублёў стала вядома, што пацярпелы яшчэ да суда атрымаў ад Шурубейкі 1 500, і заявіў, што прэтэнзій да яго больш не мае.

Судзяць берасцейца, які абразіў у Вайберы супрацоўніка КДБ

Судова-лінгвістычная экспертыза па крымінальнай справе заключыла, што выказванне Шурубейкі ў чаце ўтрымлівала негатыўную ацэнку асобы Сямёнава.

Сёння суддзя Маскоўскага суда Брэста Брэган абвясціў прысуд Шурубейку Уладзіміру: вінаваты. Пакаранне:  два гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. У тэрмін адбытага пакарання залічыць 3 дні, праведзеных пад вартай, а таксама перыяд з 7 красавіка па 22 мая пад хатнім арыштам.

Крыніца: Вынесены прысуд за абразу кадэбіста: два гады "хіміі"