Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Грамадзянаў забіраюць з дома, затрымліваюць на дваравых маршах,  адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мастака Алеся Пушкіна сёння перавязуць з Гродна ў Мінск ў СІЗА на Валадарцы. Верагодная прычына — аб'яднанне “справы Пушкіна” са справай "Саюза палякаў", паведамляе @belsat.

Фота

Пушкіна вінавацяць паводле арт.130 ч.3 КК (распальванне нацыянальнай, расавай ды іншай варажнечы) за партрэт антысавецкага партызана. Мастаку пагражае да 12 гадоў турмы.

У Калінінградскай вобласці Расеі затрымалі актывіста з Буда-Кашалёва Івана Саўціна. Увосень на яго завялі некалькі крымінальных спраў. Ён з'ехаў за мяжу.

Увосень, калі ў Гомелі і вобласці праходзілі акцыі пратэсту, Іван Саўцін браў у іх удзел, у тым ліку як валанцёр. У верасні яго арыштавалі за ўдзел у недазволенай акцыі на 15 сутак. Потым Саўцін з'ехаў за мяжу. Дакладна вядома, што адна з крымінальных спраў — за непраўдзівае паведамленне пра небяспеку (артыкул 340 Крымінальнага кодэксу), піша Радыё Свабода.

Чатыры тэлеграм-каналы з Віцебшчыны прызналі экстрэмісцкімі. Гэта —  “Орша 97%”, “Наваполацк і Полацк 97%”, “Партызаны” і “Vitebsk_Юг”. Міліцыя займаецца пошукам адміністратараў тг-каналаў, якія прызнаныя экстрэмісцкімі.

Гародня

Гарадзенскага музыку і палітзняволенага Ігара Банцэра шукаюць міліцыянты. Беларускае Радыё Рацыя паведамляе, што Ігар здзіўлены тым, што яго пачалі па тэлефоне выклікаць у міліцыю:

– Супрацоўнік міліцыі не назваўся, сказаў, што тэлефануе з Ленінскага РАУСа, каб сказаць, што ў мяне нейкія неаплачаныя штрафы.

Па словах Ігара, пасля тэлефанаванняў пад вокнамі памяшкання, дзе ён знаходзіўся,  пачалі з’яўляцца міліцыянты і людзі ў цывільным:

– Пачалі нейкія дзіўныя „спадары” хадзіць пад вокнамі. Прыехала машына з Ленінскага РАУСа. У мяне нібыта нейкі неаплачаны штраф.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Міліцыя ізноў цікавіцца Ігарам Банцэрам, перавод Пушкіна ў СІЗА: хроніка палітычныга пераследу 28 красавіка