У судзе Маскоўскага раёна Мінска 15 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 30-гадовага палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука. У лістападзе ў Мінску на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу барабаншчыкаў "Патрабуем разысціся", якая восенню стала адным з сімвалаў пратэстаў. Музыкаў адміністрацыйна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але адзін з затрыманых тады — Аляксей Санчук — пасля 15-сутачнага арышту так і не выйшаў на волю. Супраць яго распачалі крымінальную справу. На "пакаяльным відэа" АНТ Аляксей пасля затрымання толькі сказаў"Я вучыў рытм". Па словах іншых затрыманых музыкаў, пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа збівалі Аляксея і патрабавалі пароль ад тэлефона. Цяпер яго абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Яўген Серакоў. "Вясна" назірае за гэтым працэсам і распавядае яго акалічнасці. У Мінску 4 лістапада на рэпетыцыю музыкаў у гаражы наляцелі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Усяго было затрымана 16 чалавек: сем адразу адпусцілі, а тры дзяўчыны атрымалі штраф па 30 базавых. Астатніх шасцярых, у тым ліку і Аляксея Санчука, асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка паводле арт. 23.34 КаАП на 10-15 сутак. Адміністрацыйнае пакаранне Аляксей адбываў у Жодзіне. Па словах музыкаў, пры затрыманні Аляксея збівалі.

Аляксей Санчук. Фота з сацсетак
Аляксей Санчук. Фота з сацсетак

"Задавалі тэмп на Маршах". На рэпетыцыі было затрымана 16 музыкаў, Аляксея збівалі і патрабавалі доступ да тэлефона

"Мы бачылі як яго выводзілі і як ён вярнуўся пабіты. Падчас этапавання ён распавёў, што яго прымусілі адкрыць тэлефон. А там былі пазначаны кропкі збору на марш. Адпаведна, была зроблена выснова, што Лёша — арганізатар. Ужо тады яму паведамілі, што ён будзе праходзіць па крымінальнай справе, — пра гэта Лёша распавёў нам у РУУСе, дзе мы ўсе ўтрымліваліся. Пазней да яго ў Жодзіна прыязджаў следчы з ГУБАЗіК, дапытваў яго", — распавялі музыкі-сябры TUT.BY.

На наступны дзень пасля затрымання на АНТ выйшаў сюжэт "Закон "па барабану", дзе распавядалася, што "ў падвальным памяшканні, дзе праходзіла рэпетыцыя, затрымалі дзевяць барабаншчыкаў, якія рэгулярна ўдзельнічалі ў пратэстах". У сюжэце гаворылася, што барабаншчыкі "задавалі тэмп на Маршах", а таксама ўдзельнічалі ў дваровых канцэртах. Там таксама паведамлялася, што барабаншчыкі нібыта збіраліся паліць пудзіла з выявай прадстаўнікоў улады. Асабліва акцэнтуецца ўвага, што сярод музыкаў былі і анархісты. На відэа дапытваецца і Аляксей Санчук. Невядомая асоба пытаецца ў яго, за што канкрэтна ён быў затрыманы. Аляксей адказвае: "Сёння? Ды без паняцця". На відэа Аляксей таксама распавядае, што ён вучыў рытм і хацеў навучыцца пэўнаму рытму. На пытанні невядомай асобы, ці мелася ў Аляксея пры сабе якая-небудзь атрыбутыка, сцягі, сімволіка, ён адказвае адмоўна.

Жонка палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука: Дачка лічыць яго Героем

"Вясна" паразмаўляла з жонкай Аляксея, сабрала храналогію яго пераследу і распавядае, як барабаншчык стаў фігурантам крымінальнай справы па "пратэстнаму" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.

"Арганізаваў супольнасць, дзе навучаў людзей групавым дзеянняя, якія груба парушаюць грамадскі парадак". У чым цяпер яго абвінавачваюць?

Аляксея Санчука абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

Згодна версіі абвінавачвання, Аляксей Санчук "пад выглядам масавых мерапрыемстваў" у Мінску здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак: перакрываў праезную частку, аказваў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам УУС, крычаў лозунгі, гучна пляскаў далонямі, размахваў бел-чырвоным-белым сцягам. Гэтым ён здзейсніў злачынства, прадугледжаннае ч. 1 арт. 342 КК.

За блакаванне дарог 27 верасня, 18 кастрычніка, 4 кастрычніка, 25 кастрычніка, 1 лістапада яму выставілі пазоў на суму 161 900 рублёў.

Таксама па версіі следства, ён "арганізаваў супольнасць, дзе навучаў людзей, схіляў асобаў да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Яго абвінавачваюць у тым, што ён ажыццявіў навучанне асоб для ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, здзяйснення гучных воплескаў рукамі, якія парушаюць спакой. Гэта — ч. 2 арт. 342 КК.

Па версіі абвінавачвання, з чэрвеня па лістапад 2020 года Санчук па папярэдняй змове з мэтай выказвання палітычных поглядаў стварыў тэлеграм-чат, якая мае ў сваёй назве слова "Крыжыкі".

Па ч. 3 арт. 293 і арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) яго абвінавачваюць за тое, што ў яго падчас вобшуку былі знойдзеныя 67 вырабаў «гарбатная ружа» і «папугайчыкаў», петарды, газавыя балончыкі, 18 лазерных указак, аптычная сістэма назірання, пнеўматычная стрэльба і іншае.

Санчук прызнаў сябе вінаватым па ч.1 і 2 арт. 342, а па ч. 3 арт. 293 і арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК віну не прызнае.

Што адбываецца на судзе?

Аляксей будзе даваць паказанні пасля допыту сведак. Першым дапыталі сведку, які быў ў тэлеграм-чаце (групе), які стварыў абвінавачаны. Па словах сведкі, з Санчуком ніякіх адносінаў ён не падтрымліваў. Сведка распавёў на судзе, што ён хацеў набыць белы бранзалет, а Аляксей сказаў, што можа яго даць. Пры сустрэчы ён аддаў каля 10 бранзалетаў.

— Навошта вам бранзалеты? — Ну, усе насілі.

Санчук, па словах сведкі, прапанаваў уступіць у групу, назву якой ён не памятае. Там яны абмяркоўвалі велапрабегі. Праз месяц яны яшчэ раз сустрэліся — абвінавачаны перадаў каля 20 плакатаў. Потым сведка ўдзельнічаў у велапрабегу.

Па словах сведкі, фінансава абвінавачаны яго не падтрымліваў, не запрашаў удзельнічаць у масавых мерапрыемствах.

Працэс працягваецца, інфармацыя дапаўняецца. 

Крыніца: Палітзняволенага барабаншчыка Санчука судзяць па некалькіх "пратэстных" артыкулах Крымінальнага кодэкса Дапоўнена