Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў пятніцу, дзевятага красавіка,працягваезбірацьфакты палітычнага пераследу: затрыманні, ператрусы, новыя крымінальныя справыі іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У Мінску 9 красавіка затрымалі педагога Аляксандру Шастакову. Сілавікі прыйшлі да яе сёння раніцай, паведамляе тэлеграм-канал Еўрарадыё”.

Вядома, што жанчына ўдзельнічала ў звароце "Сумленныя настаўнікі Беларусі супраць гвалту" і была гераіняй праграмы "Неверагодныя" на “Еўрарадыё”.

Аляксандра Шастакова.

У Гародні будуць судзіць Міколу Лемяноўскага за сцяжок у аўтамабілі

У Гародні 8 красавіка позна ўвечары быў затрыманы вядомы грамадскі актывіст і прадпрымальнік Мікола Лемяноўскі. Як паведамляе "Гарадзенская Вясна", ён знаходзіўся на працоўным месцы, калі яму патэлефанавалі міліцыянты і прапанавалі выйсці да машыны. Прычына - знаходжанне ў машыне Лемяноўскага "незарэгістраванай сімволікі" - бел-чырвона-белага сцяжка. Калі Лемяноўскі выйшаў да машыны - міліцыянтаў не было. Лемяноўскі вярнуўся на працоўнае месца, неўзабаве яму патэлефанавалі зноў міліцыянты і паведамілі, што вядзецца адміністрацыйны працэс за нібыта "адзіночны пікет". Лемяноўскі сказаў, што скончыць працу і прыедзе ў РАУС.

З РАУС Ленінскага раёну Мікола Лемяноўскі ўжо не выйшаў. Сёння адбудзецца адміністрацыйны суд. Калі адбудзецца працэс невядома, але вельмі верагодна, што Лемяноўскі будзе засуджаны да адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская афіцыйна арыштаваная па крымінальнай справе. Пра гэта паведаміў муж Таццяны Уладзімір Яворскі «Свабодзе». У чацвер, 8 красавіка, над усімі затрыманымі актывісткамі «Звяна» прайшлі адміністрацыйныя працэсы.

Тацяна Гацура - Яворская. Фота Радыё Свабода

Заснавальніцу грамадскага аб’яднання «Звяно» і адну з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» Таццяну Гацуру-Яворскую затрымалі 6 красавіка. Напярэдадні супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў правялі ператрусы ў офісе арганізацыі, а таксама ў кватэры і на лецішчы Таццяны. Следчыя дзеянні праводзіліся ў межах справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу — фінансаванне або матэрыяльнае забеспячэнне беспарадкаў.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Пятнічны пераслед у Беларусі: новыя крымінальныя справы і затрыманні