У сераду, сёмага красавіка, працягваюцца допыты ў Следчым камітэце сябраў Праваабарончага цэнтра “Вясна”, валанцёраў і грамадскіх актывістаў па ўсёй Беларусі.
Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Сёння, на 10 гадзін раніцы на допыт у Цэнтральны апарат Следчага камітэту выклікалі старшыню Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага.
Выклікаюцца на допыты таксама праваабаронцы ў Светлагорску і Мазыры.
Фактычна, за сакавік - красавік праз допыты і затрыманні па справе "Вясны" прайшло некалькі дзесяткаў праваабаронцаў, валанцёраў і журналістаў у многіх гарадах Беларусі.
Нагадаем, 16 лютага, у межах крымінальнай справы адбыліся дзесяткі ператрусаў у сябраў арганізацыі, а таксама на офісе ПЦ “Вясна” на пр. Незалежнасці 78а і на Мяржынскага ў Мінску, а ў другой палове дня дома ў старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага.
Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца(Рэчыца).
Лік ідзе на дзясяткі: працягваюцца допыты сябраў "Вясны"
Рада ПЦ “Вясна” выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі.
Крыніца: На допыт у Следчы камітэт выклікалі старшыню “Вясны” Алеся Бяляцкага