Вікторыя і Анастасія Міронцавы. Фота TUT.BY У судзе Савецкага раёна Мінска 31 сакавіка працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Вікторыі і Анастасіі Міронцавых, якіх абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС (арт. 364 КК). Вікторыя Міронцава таксама абвінавачвалася па ч. 1 арт. 363 КК - "Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак".

Справу разглядае суддзя Аляксандр Волк.

31 сакавіка ў суд быў пададзены пазоў ад прадпрыемства "Мінсктранс" на суму нанесенай шкоды ў 21 831 рубель. Ні Вікторыя, ні Анастасія з прад'яўленым пазовам не згодныя, так як 10 жніўня не выходзілі на праезную частку і не перакрывалі рух грамадскаму і іншаму транспарту.

Пасля гэтага ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў

Дзяржабвінаваўца ўказаў, што віна абвінавачаных даказаная ў судовым следстве і сабранымі па справе доказамі. У выніку супрацьпраўных дзеянняў сясцёр - хапанняў, цягання з боку ў бок, захопаў - супрацоўнікам АМАП быў "прычынены фізічны боль, пра што пацярпелыя растлумачылі падчас іх допытаў у судзе".

Пракурор прасіў прызнаць абедзвюх Міронцавых вінаватымі і прызначыць пакаранне для Анастасіі – два гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а для Вікторыі – два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У дзеяннях Анастасіі адсутнічае склад злачынства па 342 артыкуле, па 364 артыкуле - дастаткова тых пяць месяцаў, што яна знаходзіцца ў СІЗА

Абаронца Анастасіі Міронцавай ў сваім выступе адзначыла, што бокам абвінавачвання не было прадстаўлена ніводнага доказу, якое б пацвярджала віну яе падабароннай у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК. Так, няма доказаў таго, што хто-небудзь звяртаўся з якімі-небудзь патрабаваннямі да Анастасіі, таксама не даказана, што дзяўчына знаходзілася на праезнай частцы праспекта Пераможцаў і яе дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту. Наадварот, ні адзін з дапытаных у судовым пасяджэнні пацярпелых і сведак не пацвердзіў, што падыходзіў з якімі-небудзь патрабаваннямі да Анастасіі Міранцавай або бачыў яе на праезнай частцы. Прадстаўленыя ў судзе відэазапісы таксама не пацвярджаюць вінаватасць дзяўчыны ў здзяйсненні злачынных дзеянняў.

Адвакат падкрэсліла, што ў абвінавачванні пазначаны ўсе маршруты грамадскага транспарту, праца якіх была парушаная 10 жніўня ў Мінску, і іх ўказанне ў абвінавачванні не абгрунтавана.

Акрамя таго, у матэрыялах справы ёсць акт аб спыненні грамадскага транспарту, дзе ўказаны час парушэння яго працы – з 20 гадзін 10 хвілін 10 жніўня. Таксама ў матэрыялах справы ёсць пратакол затрымання, пратакол і пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, дзе паказана, што Анастасія Міронцава была затрыманая ў 19.30 гадзін, а значыць не магла парушыць працу транспарту. Таксама ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні і пастанове суду ўказана, што ў дзеяннях падсуднай быў ўгледжаны склад правапарушэння і адсутнічаў склад злачынства.

На думку абароны, у дзеяннях Анастасіі цалкам адсутнічае склад злачынства па ч.1 арт. 342 КК. Адвакат прасіла апраўдаць дзяўчыну па гэтым артыкуле і адмовіць у задавальненні пазову ад Мінсктранса.

Што тычыцца абвінавачвання паводле арт. 364 КК – гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да 5 супрацоўнікаў АМАП: нягледзячы на прызнанне віны Анастасіяй, абарона звярнула ўвагу на аб'ём выстаўленых абвінавачванняў, прасіла выключыць указанне на чатырох з пяці пацярпелых, так яны ў судзе растлумачылі, што ў дачыненні да іх дзяўчына не ўжывала гвалту.

Што тычыцца пацярпелага Васільева, то ў абвінавачванні паказана, што падсудная ажыццявіла не менш за два захопы яго рукі, а таксама, што ён упаў з-за дзеянняў дзяўчыны. Аднак у судзе Васільеў паказаў, што Анастасія хапала яго за руку толькі адзін раз, а па якой менавіта прычыне ён упаў – растлумачыць не можа.

Таксама прасіла суд выключыць з абвінавачвання ўказанне на тое, што гвалт быў учынены Анастасіяй Міронцавай з помсты, бо у судзе гэта не было даказана.

Пры вынясенні рашэння па арт. 364 у дачыненні да Анастасіі Міронцавай абаронца прасіла суд улічыць, што ў пацярпелых адсутнічалі цялесныя пашкоджанні, яны не звярталіся па медыцынскую дапамогу, а таксама меркаванне саміх пацярпелых – некаторыя з іх прасілі не караць падсудных строга. Лічыць, што ў мэтах выпраўлення будзе дастатковым пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і суд абмяжуецца ўжо адбытым пакараннем з разліку адзін дзень у СІЗА за два дні "хатняй хіміі".

Інфармацыя будзе дапоўненая. 

Прысуд быў агучаны 1 красавіка.

Суддя Аляксандр Волк палічыў віну Анастасіі і Вікторыі Міранцавых даказанай і асудзіў дзяўчат адпаведна на два і два з паловай гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс

Крыніца: Сясцёр Міронцавых пакаралі пазбаўленнем волі на два і два з паловай гады