Аб затрыманні 51-гадовага жыхара Мікашэвіч Лунінецкага раёна паведаміла прэс-служба МУС 30 сакавіка. Нібыта, мужчына заклікаў паліць супрацоўнікаў міліцыі, піша “Першы Рэгіён”.
"У лістападзе мінулага года ён размясціў у рэгіянальным тэлеграм-канале заклікі да гвалту над супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Аўтар пастоў сцвярджаў, што паліў бы іх разам з бацькамі і дзецьмі. Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням затрыманага і распачалі крымінальную справу за распальванне сацыяльнай варожасці або розні", – паведаміла прэс-служба МУС Беларусі.
Гаворка ідзе аб артыкуле 130 КК РБ "распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні". Частка 1 прадугледжвае штраф, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Па інфармацыі "Першага Рэгіёну", затрыманы – мясцовы актывіст Леанід Дубаносаў. Ён стаў вядомы пасля таго, як у снежні 2011 года на Мікашэвіцкім прадпрыемстве "Граніт" выбухнуў скандал. Сотні рабочых заявілі, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу і ствараюць суполку незалежнага прафсаюза.
Сярод пратэстоўцаў быў і Леанід Дубаносаў. Пратэст рабочых праз некаторы час змаглі патушыць, а лідараў звольнілі з прадпрыемства, у тым ліку і Дубаносава. Ён адпрацаваў на прадпрыемстве 20 гадоў, пасля звальнення на "Граніт" яму ўладкавацца ўжо не ўдалося.
Пасля тых падзей Леанід Дубаносаў далучыўся да кампаніі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), удзельнічаў у мясцовых выбарах у якасці кандыдата.
Апошнім часам Леанід Дубаносаў быў на заробках у Польшчы. Ён ведаў, што супраць яго распачатая крымінальная справа, да яго дадому прыходзілі супрацоўнікі з ператрусам.
Крыніца: За распальванне сацыяльнай варожасці затрыманы актывіст з Мікашэвічаў Дубаносаў