Суд Фрунзенскага раёна Мінска 23 сакавіка пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомай перакладчыцы і выкладчыцы ангельскай мовы Вольгі Калацкай. Яе вінавацяць у злосным хуліганстве (частка 1 і частка 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса), нібыта Вольга падчас адной з акцый пратэсту ўдарыла супрацоўніка СТВ Рыгора Азаронка.
Максімальны тэрмін пакарання па гэтым артыкуле – да шасці год пазбаўлення волі.
Справу разглядае суддзя Ала Скуратовіч.
Судовая зала запоўненая — падтрымаць Калацкую прыйшлі сябры, вучні, журналісты і літаратары, шіша з залы суда "Наша Ніва".
Прадстаўніца дзяржабвінавачвання пачала судовае следства: 15 лістапада «ў грамадскім месцы […] беспрычынна, адкрыта супрацьпастаўляючы сябе грамадству наўмысна нанесла не менш за 1 удар па твары Азаронку».
А пасля — яшчэ адзін. Гэтым прычыніла карэспандэнту фізічны боль.
Вольга Калацкая віну прызнала цалкам.
Яна распавяла, што адбылося 15 лістапада:
«Памёр Раман Бандарэнка, я вельмі смуткавала і глыбока спачувала яго маці, якая страціла адзінага сына. У нядзелю 15 лістапада я вырашыла з’ездзіць на Усходнія могілкі. На прыпынку я ўбачыла, што грамадскі транспарт не ходзіць. Пасля каля станцыі метро «Пушкінская» я ўбачыла людзей, з якімі размаўляў Азаронак. Ён пытаўся: «Чаму вы сюды прыйшлі? Што вы ведаеце пра яго? Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі? Не атрымаўшы адказ, Азаронак спытаў: як жа вы можаце смуткаваць па Бандарэнку, калі нават не ведаеце яго імя па бацьку?"
Вольгу гэта глыбока абразіла і яна ў стане эмацыйнага ўзбуджэння, не стрымаўшыся, дала яму поўху — гэта быў чыста сімвалічны жэст.
“Я была глыбока абураная і абражаная тым, што сваімі рытарычнымі пытаннямі ён ставіў пад сумнеў шчырасць смутку людзей", - казала Вольга ў судзе.
Але прызнае, што бачыла відэа, на якім б’е карэспандэнта СТБ, і пазнала сябе па адзенні.
«Вы выбачаліся перад пацярпелым?» — спытала пракурорка.
«Не», — адказала Вольга Калацкая.
Калацкая была затрыманая 15 студзеня 2021 года падчас заняткаў па ангельскай мове.
Вольга Калацкая вядомая тым, што ў свой час пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, "Гладыятар”, “Шрэк”, “Сямейку Смітаў” ды іншыя.
З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.
Да затрымання Вольга Калацкая жыла ў Мінску з 89-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд. Цяпер дапамагаць маці адгукнуліся сябры і вучні Вольгі.
Будзе дапоўнена.
Крыніца: У Мінску пачынаецца суд над перакладчыцай Калацкай, за якую заступіўся Амерыканскі ПЭН Дапоўнена