Кірыл Паўлавец з сям'ёй У судзе Савецкага раёна Мінска ў панядзелак павінен быў працягнуцца разгляд крымінальнай справы палітычнага зняволенага Кірыла Паўлаўца, якому прад’яўленае абвінавачванне паарт. 342 Крымінальнага кодэкса(Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Справу разглядае суддзя Марына Фёдарава. Пракурор – Анастасія Маліка.

Кірыл Паўлавец быў затрыманы 4 кастрычніка пасля «Марша вызвалення палітвязняў». Калі ён быў ужо дома, яму патэлефанавалі з незнаёмага нумару, папрасілі выйсці ва двор і адагнаць машыну. Там яго і затрымалі людзі ў балаклавах.

На наступны дзень быў суд. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (артыкул 23.34) і ў непадпарадкаванні работнікам міліцыі (23.4). Прысудзілі 14 сутак. Але на волю ён так і не выйшаў. Была заведзеная крымінальная справа, з Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Згодна з прад’яўленым абвінавачваннем, Кірыл Паўлавец 30 жніўня на плошчы Свабоды заклікаў да ўделу ў масавых мерапрыемствах. Перашкодзіў сваімі дзеяннямі працы транспарту, асабліва аўтобусам (там велізарны спіс аўтобусаў, якія ездзяць па найбліжэйшых маршрутах).

Таксама 9 жніўня - на праспекце Дзяржынскага, вул. Пушкіна, Жукава зноў перашкаджаў руху транспарту (аўтобусы, тралейбусы) і спыняў іх нармальную працу.

На папярэднім судовым пасяджэнні пракурор хадайнічаў аб выкліку ў суд ужо вядомага па многіх працэсах сведкі – супрацоўніка Цэнтральнага РУУС  Мінска Аляксандрава Аляксандра Аляксандравіча.

Аднак на сённяшняе пасяджэнне сведка так і не з’явіўся.

Судзя Фёдарава абвясціла перапынак да 10-30 30 сакавіка.

Крыніца: Суд над палітвязнем Паўлаўцом перанесены – не з’явіўся сведка Аляксандр Аляксандраў