Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19 сакавіка працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Пінск
З ранку не выходзяць на сувязь пінскія журналісты, пра гэта паведаміла галоўны рэдактар «Медыя-Палесся» Святлана Гарда, піша "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Сёння ў 6.30 да відэакарэспандэнта «Медыя-Палесся» Андрэя Якімуша ў дзверы ламіліся невядомыя. Пра гэта ён паспеў паведаміць калегу. Цяпер Якімуш на сувязь не выходзіць.
Таксама недасяжны тэлефон журналіста Віктара Ярашука. Як стала вядома пазней, у яго ідзе ператрус.
Мінск
Следчы камітэт паведаміў, што блогер Антон Матолька прызнаны абвінавачаным па крымінальнай справе. У "кампетэнтныя органы" перададзеныя матэрыялы аб прызнанні яго папулярнага тэлеграм-канала на тэрыторыі Беларусі экстрэмісцкім (Мінінфарм атрымаў дакументы для абмежавання доступу да яго), а ў МУС - дакументы для арганізацыі яго вышуку, у тым ліку міждзяржаўнага.
Следчыя таксама шукаюць, ці звязаны блогер з прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады, іншых дзяржаў і замежных арганізацый на прадмет "вядзення дзейнасці супраць інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і яе нацыянальнай бяспекі".
Інфармацыя будзе дапаўняцца.
Крыніца: Да журналістаў "Медыя-Палесся" прыйшлі з ператрусамі. Хроніка пераследу 19 сакавіка