Праваабаронца "Вясны" Зміцер Салаўёў Следчыя дзеянні ў адносінах да сябраў і валанцёраў Праваабарончага цэнтру “Вясна” не спыняюцца ні на дзень.

Допыты праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Сёння на допыты ў якасці сведкаў у Следчы камітэт выкліканыя праваабаронцы Зміцер Салаўёў, Алесь Дзергачоў (Смаргонь) і Уладзімір Малей, якога таксама дапыталі і ўчора.

Зміцера Салаўёва ўпершыню дапыталі яшчэ 1 сакавіка – у гэты дзень ён выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронца "Вясны" Зміцер Салаўёў быў затрыманы зноў. Цяпер ён падазраваны па крымінальнай справе

Падчас масавага нападу на праваабаронцаў і журналістаў 16 лютага ў дом Змітра Салаўёва пад Мінскам уварваліся супрацоўнікі АМАПу і ГУБАЗіКа. Ператрус адбываўся ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ. Праваабаронца быў затрыманы. Пры затрыманні і ў мікрааўтобусе па дарозе ў ІЧУ яго збівалі.

Дзень таму, 17 сакавіка, на допыты ў якасці сведкаў выклікаліся праваабаронцы Леанід Свецік у Віцебску, Уладзімір Малей і Маргарыта Вялічкіна ў Брэсце, Сяржук Лацінскі ў Бабруйску. Яны знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў следства.

А 15 і 16 сакавіка на допыты выклікалі вядомага магілёўскага праваабаронцу Барыса Бухеля.

Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).

Мы ў чарговы раз заяўляем: рукі прэч ад "Вясны", рукі прэч ад вясноўцаў!

Галоўным упраўленнем па расследванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь расследуецца крымінальная справа, узбуджаная па факце дзейнасці Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Крыніца: Чацверты дзень запар працягваюцца допыты праваабаронцаў "Вясны": хто сёння?