У судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 34-гадовага палітвязня з Гомеля Дзяніса Чыкалёва за падзеі 10 жніўня ў Мінску. Адразу яго абвінавачвалі па ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках), а потым справу перакваліфікавалі на больш мяккі артыкул – на ч.1 арт. 342 Крымінальга кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак). На судзе палітвязень віну не прызнае. Дзяніса ўтрымліваюць пад вартай ужо семь месяцаў. На паседжанні дазволілі прысутнічаць толькі некаторым сваякам і сябрам. Астатніх ахвочых не пусцілі, матывуючы гэта каронавірусам.
У чым яго абвінавачваюць?
Паводле абвінавачвання Дзяніс Чыкалёў увечары 9 жніўня прыбыў у сталіцу з Гомеля, каб "прыняць актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбываюцца ў цэнтральнай частцы сталіцы".
Чыкалёў, згодна з матэрыяламі справы, «з іншымі асобамі ігнараваў законныя патрабаванні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, груба парушаў грамадскі парадак, выкрыкваў розныя лозунгі і рухаўся, у тым ліку ў „счэпцы“, па вуліцах Мельнікайтэ, Заслаўскай, а таксама праспектах пераможцаў і Машэрава ў сталіцы».
Дзеянні Чыкалёва нібыта спрыялі блакаванні руху транспарту, была парушаная праца грамадскага транспарту. Пры сабе ў гамяльчаніна былі выяўленыя нож, спіртное і элементы абароны. Быў канфіскаваны таксама мабільны тэлефон, у якім праваахоўнікі знайшлі відэазапісы і перапіску, у якім нібыта "абвінавачаны выказвае свой намер удзельнічаць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Па інфармацыі следства раней ён "з'яўляўся адным з лідараў пратэстнага руху "Зубр", больш за 20 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку неаднаразова за знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення ў грамадскім месцы".
Дзяніс Чыкалёў віну не прызнае.
Як затрымалі?
Дзяніса Чыкалёва затрымалі днём 10 жніўня. Перад тым ён размаўляў з маці праз тэлефон, казаў, што ідзе ў краму. Як распавяла маці Дзяніса, пазней, на шляху да маршруткі, у гутарцы з сябрам Дзяніс падзяліўся адчуваннем, што за ім нехта ідзе. У маршрутку хлопец не сеў: вечарам яго маці пазванілі і паведамілі, што ейнага сына затрымалі, ён падазраваны паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу. 19 жніўня Следчы камітэт выпусціў відэаролік пра Дзяніса Чыкалёва "Адзін з падазраваных па крымінальных справах аб масавых беспарадках".
Сябры і родныя не пагадзіліся з версіяй СК і запісалі сваё відэа.
Пасля ІЧУ на Акрэсціна яго змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе ён чакаў суда семь месяцаў.
Што адбываецца на судзе?
На судзе дапытваюць сведак – людзей, якія былі разам з Дзянісам 10 жніўня. Яны растлумачылі, што яго стыль тлумачыцца тым, што ён часта так апранаўся – «такі стыль»:
«Камуфляжныя штаны, мог быць у майцы "Ахова"».
Суд працягваецца, інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: У Мінску за падзеі 10 жніўня судзяць палітвязня Дзяніса Чыкалёва