Суддзя суда Цэнтральнага раёна горада Мінска Вікторыя Шабуня 10 сакавіка агучыла прысуд у дачыненні да Алега Зубрыцкагатры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Менавіта такое пакаранне запытваў дзяржабвінаваўца Арцём Цвяткоў. Асудзілі ж Алега па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). А менавіта — за SMS-паведамленне з пагрозамі, дасланае 14 жніўня ў адрас жонкі амапаўца Ганны Навумчык (ёй Алег таксама павінен выплаціць маральную кампенсацыю памерам у 2500 беларускіх рублёў). Сам Зубрыцкі кажа, што паведамленне не пасылаў, а яго абарона звяртае ўвагу на адсутнасць доказаў. "Вясна" сачыла за тым, як разгортвалася судовае следства па гэтай справе. Спярша крымінальная справа ў дачыненні да Зубрыцкага будавалася на пасланым  паведамленні праз Viber 12 жніўня 2020 года. Пасля таго, як Зубрыцкі паказаў, што яго тэлефонны нумар не зарэгістраваны ў Viber і даказаў гэта, абвінавачванне змянілася: яму паставілі ў віну адпраўку ўжо SMS-паведамлення з пагрозамі Ганне Навумчык, датаванае 14 жніўня. На гэта абарона і сам абвінавачаны звярталі ўвагу яшчэ ў першы дзень судовага пасяджэння:

Алег Зубрыцкі
Алег Зубрыцкі

Пачаўся суд за абразу жонкі супрацоўніка АМАПа

Суд Цэнтральнага раёна горада Мінска 26 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). На лаве падсудных – 31-гадовы Алег Зубрыцкі.

На судовым пасяджэнні 5 сакавіка абарона Зубрыцкага звяртала ўвагу і на факт існавання рапарту ад 13 жніўня (ён быў складзены ў той час, калі Алегу яшчэ ставілася ў віну дастаўка паведамлення праз Viber 14 жніўня). Калі Алега сталі вінаваціць за SMS ад 12 жніўня, то чаму тады існуе гэты рапарт ад 13 жніўня? Але суддзя Шабуня запярэчыла, што "суд разглядае справу толькі ў межах прад'яўленага абвінавачванні" (то бок, за 14 жніўня). Таму гэтая дзіўная асаблівасць засталася без увагі суда.

"То за 14 жніўня, то за 12 жніўня ... пара б ужо спыніцца на нейкай адной версіі, а не паўгода кашмарыць чалавека", — адзначыў Зубрыцкі на судовым пасяджэнні 5 сакавіка.

У матэрыялах крымінальнай справы фігуруе скрыншот SMS-паведамлення ад 14 жніўня — але ён, на думку Зубрыцкага, з'яўляецца спрэчным па некалькіх прычынах:

Разабрацца ў сапраўднасці дастаўкі SMS-паведамлення, якое фігуруе на скрыншоце, дапамагла б экспертыза мабільнага тэлефона Ганны Навумчык, куды яно і прыйшло. Аднак пацярпелая сказала на судовым пасяджэнні 4 сакавіка, што неспадзявана разбіла тэлефон, затым аднесла яго да майстра — а той прадаў яго на запчасткі. Гэты адзіны каштоўны рэчавы доказ, як адзначыла абарона, мог бы расставіць усе кропкі над "і" ў справе Зубрыцкага, але ён чамусьці быў згублены. Суд на гэта ўвагі не звярнуў.

Тэлефон жа самага Зубрыцкага на экспертызу аддаваўся. На пасяджэнні 5 сакавіка Алег адзначыў:

"Мой тэлефон здаваўся на экспертызу, і паведамленні там не было выяўлена. Нават калі б яно было [мной] выдаленае, то экспертыза ўсё роўна б яго выявіла".

Пасля абвяшчэння прысуду Зубрыцкаму яго асабісты тэлефон, з якога "было паслана SMS-паведамленне з пагрозамі", яму не вярнулі.

sud_centralny.jpg
Суд Цэнтральнага раёна горада Мінска

Пацярпелая Ганна Навумчык падала пазоў у дачыненні да Зубрыцкага аб маральнай кампенсацыі памерам у 2500 беларускіх рублёў. Сваю пазіцыю па пазове яна патлумачыла на судовым пасяджэнні 5 сакавіка:

"Мне пагражалі, я адчула шок, стрэс. Я выдаткоўвала вялікія сумы на лекі. Таксама я спрабавала зацяжарыць — і ў мяне не атрымліваецца. Мой лекар кажа, што гэта на фоне стрэсу".

Аднак падчас судовых спрэчак 9 сакавіка Ганна Навумчык раптам сказала, што адмаўляецца ад пазову. Тады суддзя прапанавала "параіцца" і зрабіла перапынак на некалькі хвілін. Пасля гэтага пацярпелая змяніла пазіцыю — пазоў яна ўсё ж такі падтрымлівае.

Абарона Зубрыцкага падчас судовых спрэчак адзначыла, што маральныя пакуты пацярпелай маглі залежаць не ад аднаго паведамлення Зубрыцкага (калі выказаць здагадку, што ён сапраўды яго паслаў), а ад шэрагу паведамленняў – бо Ганне ў жнівеньскія дні пісала мноства людзей, паколькі яе нумар быў размешчаны ў тэлеграм-канале "Каратели Беларуси".

Сам Алег Зубрыцкі яшчэ ў пачатку судовага працэсу (26 студзеня) адзначыў, што так як нікога з тых, хто пісаў Ганне, не знайшлі — то ўсё вырашылі "павесіць" на яго.

Від з вакна суда Цэнтральнага раёна
Від з вакна суда Цэнтральнага раёна

Дзяржабвінаваўца ў судовых спрэчках 9 сакавіка адзначыў, што абцяжваючай акалічнасцю віны Зубрыцкага з'яўляецца "здзяйсненне злачынства па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці". Абвінавачаны ж віны не прызнаў:

“Я не пісаў ні праз Viber, ні праз SMS ніякіх пагроз. У мяне няма ніякай палітычнай варожасці, я палітыкай наогул не цікаўлюся", — сказаў Алег падчас судовых спрэчак.

Свой прысуд Алег Зубрыцкі плануе абскардзіць.

Крыніца: Мінчука асудзілі за SMS-паведамленне у адрас жонцы амапаўца, але ён яго не пасылаў