Аляксандра Патрасаева У судзе Маскоўскага раёна Менска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай. Дзяўчыну абвінавачваюць па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – удзел у масавых беспарадках. Ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляе памочнік пракурора Фёдар Сініцкі.

Паводле абвінавачвання, Аляксандра Потрясаева ў ноч з 9 на 10 жніўня і ў наступныя дні прыняла актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а таксама ў загадзя спланаваных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады: з групай асобаў па папярэдняй змове блакавалі рух транспарту, узводзілі барыкады, знішчалі тратуарную плітку, выкарыстоўвалі петарды, факелы і іншыя прадметы. Таксама абвінавачванне лічыць, што палітзняволеная заклікала людзей да супраціву, сама актыўна аказвала непадпарадкаванне прадстаўнікам улады.

Дзяўчына была затрыманая 16 кастрычніка 2020 года.

Аляксандра Патрасаева сваю віну не прызнала, суду патлумачыла, што інфармацыю даведвалася ў телеграм-каналах, у тым ліку ў телеграм-канале Nexta. Прачытала, што людзям патрэбна медыцынская дапамога, паехала пасля працы на скрыжаванне вуліц Бяды, Багдановіча, Сурганава, каб аказаць такую дапамогу. На месцы не бачыла супрацоўнікаў міліцыі, патрабаванняў аб спыненні незаконнага мерапрыемства не чула. Бачыла, што там было каля 50 чалавек, якія ўзводзілі барыкады, але не бачыла падпалаў, пагромаў, каб людзі кідалі розныя прадметы.

Абвінавачаная разумела, што мерапрыемства несанкцыянаванае, да яго не далучалася, але засталася, каб аказаць дапамогу пацярпелым.

Кажа, што дарога была перакрытая да яе прыходу, дадому з'ехаць не магла - транспарт не хадзіў і было страшна.

На пытанні абароны Аляксандра Патрасаева патлумачыла, што лозунгаў не выкрыквала, удзелу ў мерапрыемстве не прымала, аказвала медыцынскую дапамогу людзям каля лесвіцы – апрацоўвала раны, давала абязбольвальныя. Сцвярджае, што супрацоўнікаў міліцыі не бачыла, не чула, каб яны патрабавалі разысціся, увесь час знаходзілася на месцы аказання дапамогі. Адыходзіла ненадоўга, каб выкінуць мяшок са смеццем. Абвінавачванне сцвярджае, што ў Аляксандры Патрасаевай быў металічная палка, на гэта дзяўчына сказала, што падняла яе і выкінула, ніякіх дзеянняў ні з мяшком, ні з палкай не ажыццяўляла.

Іншыя людзі абмяркоўвалі, што рабіць далей, размаўлялі паміж сабой. У яе прысутнасць святло-шумавыя гранаты не ўжываліся, барыкады ўжо былі ўзведзены.

Абаронца прасіў далучыць да матэрыялаў справы калектыўны ліст і характарыстыку асобы падабароннай з працы, а таксама гарантыйны ліст. Суд хадайніцтва задаволіў.

Працэс працягнецца 9 сакавіка ў 14.00.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты працэс

Хто такая Аляксандра Патрасаева?

У ноч з 10 на 11 жніўня Аляксандра Патрасаева была затрыманая ў Мінску. Дзяўчына выйшла на вуліцу з намерам аказваць дапамогу пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў, таму ўзяла з сабой рэспіратары, бінты і перакіс. Трапіла пад абстрэл і аблаву, спрабавала ўцячы, але натыкнулася на АМАП. Тры дні знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна, дзе перажыла катаванні: збіццё, знявагі, абразы, яе пагражалі згвалтаваць.

Крыніца: У Мінску пачаўся суд над палітзняволенай Аляксандрай Патрасаевай, якая перажыла катаванні