У Чыгуначным судзе Гомеля раніцай 22 лютага былі агучаныя прысуды па так званай справе аб "кактейлях Молатава", піша Гомельская Вясна.
На лаве падсудных 17-гадовы Мікіта Залатароў, 26-гадовы Дзмітрый Карнееў і 29-гадовы Леанід Кавалёў, якіх абвінавачвалі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў тым, што яны 10 жніўня ў цэнтры горада кідалі "кактэйлі Молатава".
Пракурор Яўген Фартушняк запрасіў для падсудных наступныя тэрміны:
- Леаніду Кавалёву — 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму;
- Дзмітрыю Карнееву — 8 гадоў пазбаўлення волі калоніі строгага рэжыму;
- Мікіту Залатарову — 6 гадоў выхаваўчай калоніі.
Пракурор запрасіў тэрміны абвінавачаным па справе аб "кактэйлях Молатава" ў Гомелі: ад 6 да 8 гадоў
Сёння суддзя Дзмітрый Дзябой вынес прысуд і пакараў Кавалёва шасці гадамі пазбаўлення волі, Карнеева - васьмю гадамі, а непаўналетняга Залатарова - пяццю гадамі выхаваўчай калоніі.
Нагадаем, 29-гадовага Леаніда Кавалёва, 17-гадовага Мікіту Залатарова і 26-гадовага Дзмітрыя Карнеева абвінавачваюць у незаконным вырабе выбуховых рэчываў, гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, удзеле ў масавых беспарадках, а Кавалёва — яшчэ і ў іх арганізацыі і ўцягванні непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства.
Паводле папярэдняй версіі следства, Кавалёў вырабіў два "кактэйлі Молатава", перавёз іх у цэнтр горада і схаваў у адным з двароў. Увечары 10 жніўня ён прыехаў у раён правядзення пратэстных мітынгаў, дзе знайшоў выканаўцаў свайго злачыннага плана — 26-гадовага жыхара Добруша Карнеева і 16-гадовага Залатарова. Мужчына перадаў новым знаёмым "кактэйлі Молатава" для таго, каб яны падпалілі сцяну якога-небудзь дома, а затым стаў пераконваць іх здзейсніць больш радыкальныя дзеянні — падпаліць гарадскі аўтобус ці аўтазак. На шляху маладыя людзі сустрэлі вайскоўцаў вайсковай часткі 5525 і кінулі "кактэйлі" ў іх бок. Шкляная бутэлька ўпала каля вайскоўцаў і разбілася аб асфальт. Карнееў і Залатароў ўцяклі — іх затрымалі пазней. А Кавалёва ў гэты ж вечар.
Кавалёў і Залатароў сваю віну не прызнаюць. Карнееў прызнае часткова.
Што адбываецца на судзе па справе Гомельскай тройкі?
У Гомелі за два "кактэйлі Молатава" судзяць трох чалавек
Крыніца: У Гомелі вынеслі суровыя прысуды па справе аб "кактейлях Молатава"