Брэсцкі абласны суд 17 лютага працягвае разгляд крымінальнай справы супраць берасцейца Аляксандра Кардзюкова, які 11 жніўня мінулага года быў побач з Генадзем Шутавым, калі таго смяротна паранілі ў галаву. Геннадзь Шутаў, які памёр 19 жніўня, з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса "Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў". Справу разглядае суддзя Святлана Крамянёўская, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Геннадзь Буры. У судзе дапытваюцца пацярпелыя і сведкі, з паказанняў якіх сталі вядомы абставіны гібелі Геннадзя Шутава. Першапачаткова Кардзюкова абвінавачвалі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў. (ч. 2 арт. 363 КК). Па гэтым артыкуле яму пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі ў замах на забойства — паводле ч.2 арт. Цяпер Аляксандру пагражае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.
Пацярпелыя хочуць, каб суд абываўся ў закрытым рэжыме
На першым судовым паседжанні стала вядома, як і хто стрэліў у загінулага Геннадзя Шутава. Гэта зрабіў вайсковец в/ч № 89417 Раман Гаўрылаў. Ён і яго напарнік 11 жніўня Арсеній Галіцын (вайсковая частка № 89417 сіл спецыяльных аперацый) выступаюць на гэтым працэсе пацярпелымі.
Гаўрылаў заявіў на судзе, што Шутаў і Кардзюкоў змагаліся з імі. Ён зрабіў папераджальны стрэл, потым хацеў стрэліць Шутаву ў плячо, але трапіў у патыліцу, потым аказаў першую дапамогу.
"Хацеў стрэліць Шутаву ў плячо, але трапіў у патыліцу". Вайсковец на судзе распавёў, як забіў Генадзя Шутава
Па інфармацыі "Радыё Свабода", яны спрабавалі закрыць працэс да пачатку слуханняў. Яны падыходзілі да сакратара і патрабавалі пусціць у залю толькі «правільных людзей». У выніку іх просьба не была задаволеная, у залю трапілі журналісты і родныя ды сябры абвінавачаных Шутава і Кардзюкова.
«Хачу заявіць хадайніцтва аб вядзенні закрытага судовага паседжання ў сувязі зь неабходнасьцю гарантаваньня бясьпекі пацярпелых, — заявіў судзьдзі Арсеній Галіцын адразу на пачатку паседжання. — Нам паступаюць пагрозы на мабільныя тэлефоны з невядомых нумароў. «Як жывецца тваім бацькам, як ім спіцца? Добра? Цябе знойдуць, мы цябе прыкончым», — працытаваў Галіцын паведамленні са свайго тэлефона.
Ён таксама паведаміў, што пагрозы пачалі прыходзіць яму адразу пасля завяршэння першага дня паседжання. Другі пацярпелы, Раман Гаўрылаў, таксама расказаў пра пагрозы ў свой адрас і папрасіў закрыць суд.
Хадайніцтва пацярпелых падтрымаў пракурор Генадзь Буры, супраць выступіў абвінавачаны Кардзюкоў і дачка абвінавачанага Генадзя Шутава Анастасія. Суддзя Святлана Крэмянеўская пасля кароткай нарады ў хадайніцтве адмовіла, суд працягваецца ў адкрытым рэжыме.
Загад вайскоўцам змяшацца з натоўпам: ісці ў натоўпе і пляскаць у ладкі
Як паведамляе "Радыё Свабода", першым на другі дзень суду дапыталі камандзіра зьвяна берасцейскага АМАПу Антона Пракурата. Ён у залю суду асабіста не з'явіўся, допыт праводзіўся па аўдыёсувязі.
Пракурат расказаў, што ўдзень 11 жніўня 2020 году атрымаў у сваё распараджэнне вайскоўцаў Гаўрылава і Галіцына. Іх накіравалі ў горад, дзе яны спачатку назіралі за падзеямі ў раёне вуліцы Савецкай, а потым накіраваліся на вуліцу Маскоўскую. Па Брэсту пераапранутыя вайскоўцы і амапаўцы перамяшчаліся на тралейбусах.
Па словах Пракурата, усе байцы АМАПу і вайскоўцы ў той дзень былі ўзброеныя агнястрэльнай зброяй, назіранне за падзеямі вялі ў цывільнай вопратцы. Пры гэтым Гаўрылаў і Галіцын атрымалі загад змяшацца з натоўпам, яны ішлі ў натоўпе і пляскалі ў ладкі.
Позна ўвечары 11 жніўня Пракурат атрымаў ад Гаўрылава і Галіцына званок на мабільны тэлефон, яны расказалі яму аб прымяненьні агнястрэльнай зброі. Пасля гэтага камандзір АМАП сам прыехаў на месца. Там ён пабачыў параненага і «хуткую».
На судзе таксама высветлілася, што камандзір АМАПу асабіста ведаў абвінавачаных Кардзюкова і Шутава.
«Мы далёкія знаёмыя з Шутавым і Кардзюковым, — паведаміў на допыце ў судзе Пракурат (гэтыя словы выклікалі рэакцыю ў залі сярод блізкіх абвінавачаных: яны сцвярджаюць, што камандзір АМАПу і Генадзь Шутаў былі вельмі блізка знаёмыя і неаднаразова адпачывалі разам). — Апошні раз я бачыў Генадзя Шутава ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, калі ў Брэст прыяжджала Святлана Ціханоўская. Ён быў загорнуты ў бела-чырвоны-белы сцяг. Падышоў да мяне пагаварыць».
Хто аддаў загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў
- Камандуючы войскамі Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка даў загад выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў у Брэсце
Як піша "Радыё Свабода", загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў аддаў камандуючы войскамі Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка. Пра гэта стала вядома з паказанняў сведкі Лабковіча, маёра часткі № 89417 і непасрэднага кіраўніка Галіцына і Гаўрылава. Лабковіч на суд таксама не з'явіўся, бо захварэў. Яго паказанні зачытвалі паводле матэрыялаў справы.
З паказанняў вынікае, што ў Брэсце 11 жніўня ў падпарадкаванні камандзіраў АМАПу было каля 20 вайсковых спецназаўцаў. Яны былі падзеленыя на групы па 5-6 чалавек і дзейнічалі ў горадзе ў цывільным. Усе былі з агнястрэльнай зброяй, перамовы паміж імі і камандзірамі ажыццяўляліся праз мабільныя тэлефоны, сродкі спэцсувязі выкарыстоўваць было забаронена.
Лабковіч асабіста забіраў пісталеты Макарава ў Гаўрылава і Галіцына пасля інцыдэнту з Кардзюковым і Шутавым.
Паводле яго паказанняў, у абоймах адсутнічала па два патроны. Паводле паказанняў Лабковіча, вайсковыя спецназаўцы знаходзіліся ў Брэсце з чэрвеня 2020 году. Яны ўдзельнічалі ў вайсковых гульнях.
Генэрал-маёра Дзенісенку таксама мусілі дапытаць на судзе ў якасці сведкі, аднак у суд ён не прыехаў з прычыны хваробы. Суддзя паведаміла, што на бальнічным ён знаходзіцца з 6 па 20 лютага.
У судзе зачыталі яго паказанні, дадзеыя следству 19 жніўня 2020.
«Магу патлумачыць, што непасрэдна падпарадкоўваюся па родзе службы міністру абароны Рэспублікі Беларусь, загады якога для мяне з'яўляюцца абавязковымі для выканання, — расказваў генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка. — Сапраўды пацвярджаю, што менавіта мной у той дзень (11 жніўня 2020. — РС) была пастаўлена задача намесніку камандзіра атрада Лабковічу, каб ён разам з іншымі вайскоўцамі дадзенай часткі паступіў у распараджэнне камандзіра АМАП УУС Брэсцкага аблвыканкама для нясення службы па ахове грамадскага парадку, — гаворыцца ў паказаннях Дзенісенка. Такое рашэнне было прынята ў сувязі з «абвастрэннем сітуацыі... Рашэнне аб узбраенні абумоўлена тым, што немагчыма было пралічыць варыянты разьвіцця падзей на той момант часу».
«Ня бачыў, каб абвінавачаны біў мэталічнай трубой пацярпелага»
У другі дзень працэсу таксама дапыталі сведку Уладзіміра Лесіка. Гэта індывідуальны прадпрымальнік, які ўвечары 11 жніўня быў побач з месцам забойства Генадзя Шутава. Ён расказаў, што бачыў канфлікт паміж вайскоўцамі і Кардзюковым і Шутавым ускосна. Спачатку нават падумаў, што гэта кампанія знаёмых.
«Я быў каля гэтага дома, праходзіў каля парапэта, — расказаў Лесік. — Было ці то 22 гадзіны, ці то 23. Я прайшоў ля двух чалавек, якія сядзелі на лаве, пайшоў далей, там спыніўся. Заўважыў, як да тых дваіх падышлі яшчэ двое. Затым адзін з іх упаў. Я адвярнуўся і пабачыў, што той, хто ўпаў, падымаецца, і ў ягонай руцэ прадмет з мэталічным бляскам. Я не бачыў, каб ён наносіў ім нейкія ўдары. Затым пачуліся стрэлы, адзін з людзей каля лавачкі пачаў уцякаць. Той, хто гнаўся за ім, страляў услед».
Па словах сведкі, ён ня можа прыгадаць, каб чуў крыкі «Стой, страляць буду!». Чуў толькі лаянку з боку ўзброеных людзей. Яго словы пацвердзілі прадэманстраваныя ў судзе відэазапісы, зробленыя іншым відавочцам. На іх чуваць крыкі «Ляжаць! Мордай у дол, урод!» Пацярпелы спецназавец Галіцын прызнаў, што гэта крычыць ён.
Частка працэсу пройдзе ў закрытым рэжыме
На працэсе пачалося вывучэньне матэрыялаў справы. Пракурор і пацярпелыя вайскоўцы падалі хадайніцтва аб вывучэнні іх у закрытым рэжыме. Суддзя хадайніцтва задаволіла часткова. Закрытым будзе толькі тая частка працэсу, дзе будуць вывучаць «сакрэтны» том матэрыялаў справы. Што ў ім знаходзіцца, невядома.