Ігар Капанайка ў судзе. У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 16 лютага працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да мінчука, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі. Грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Ігара Капанайку абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 339 (Хуліганства) і артыкул 369 (Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

Справу разглядае суддзя Алена Бушава, дзяржабвінаваўца – пракурор Грэская.

Пацярпелая па справе – прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Мінска Таццяна Абозная.

Ігар Капанайка мае від на жыхарства ў Беларусі, ваенны пенсіянер.

З матэрыялаў следства вядома, што днём 13 лістапада 2020 года 55-гадовы мужчына зайшоў у пад'езд аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Мінска і з хуліганскіх памкненняў заліў мантажнай пенай ўваходныя дзверы кватэры супрацоўніка органаў унутраных спраў. Таксама ён запеніў механізм замка дзвярэй і паштовую скрыню.

Акрамя таго, як сцвярджае Следчы камітэт,  на паштовай скрыні абвінавачаны напісаў фразу, якая публічна абражае супрацоўніцу міліцыі ў сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў і схаваўся з месца здарэння.

16 лютага працягваецца судовае следства.

Пацярпелая Таццяна Абозная выступіла з хадайніцтвам далучыць яе пісьмовыя паказанні да справы.

Яна паведаміла, што ў мінулы раз ехала на суд з думкай, што не трэба строга караць абвінавачваемага. Але пасля таго як пабывала на судзе - настроеная на строгае пакаранне.

“Я лічыла, што яму будзе сорамна і балюча, і ён раскаецца і папросіць прабачэння. Але пачутае ў зале суда прымусіла мяне змяніць сваё рашэнне. Бо падсудны зусім не раскаяўся. Вёў у судзе сябе нахабна. Падсудны мяне абгаварыў. І ўсё дзеля таго, каб змяніць кваліфікацыю злачынства на больш мяккае.

Ён паведаміў суду быццам я каментавала падзеі, звязаныя з Раманам Бандарэнка. Гэта нахабная хлусня! Ідэя з помстай прыйшла яму не адразу, бо на першых допытах ён пра гэта не казаў. Варта было яму запусціць гэтую хлусню, як некаторыя арганізацыі, якія адносяць сябе да незалежных СМІ тут жа яе падхапілі.

Яны апублікавалі гэтую інфармацыю нават не дачакаўшыся прысуду, не праверылі, наколькі дакладная версія падсуднага. Усё гэта спланаваная і прадуманая акцыя, якая акіраваная супраць праваахоўных органаў”, - паведаміла яна.

Абозная просіць далучыць да матэрыялаў справы талон-паведамленне, што пададзеная заява ў Фрунзенскі РУУС аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць абвінавачанага за паклёп. А таксама прыняць меры да рэдакцыі, якая апублікавала распаўсюджаныя звесткі, якія ганяць яе гонар і годнасць. Далучыць скрыншоты публікацый аб разглядзе крымінальнай справы ў дачыненні да Капанайкі.

Да матэрыялаў суда прыкладзеная квітанцыя аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды.

Будзе дапоўнена.

Судзяць ваеннага пенсіянера, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі і абразіў яе

Днём 13 лістапада 2020 года 55-гадовы мужчына зайшоў у пад'езд аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Мінска і з хуліганскіх памкненняў заліў мантажнай пенай ўваходныя дзверы кватэры супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Крыніца: У справе Капанайкі, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі, новы абарот: пацярпелая хоча ўзбудзіць яшчэ адну крыміналку