Брэсцкі абласны суд 16 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы берасцейца Аляксандра Кардзюкова, які 11 жніўня мінулага года быў побач з Генадзем Шутавым, калі таго смяротна паранілі ў галаву. Першапачаткова Кардзюкова абвінавачвалі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў. (ч. 2 арт. 363 КК РБ). Па гэтым артыкуле яму пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі ў замах на забойства-паводле ч.2 арт. Цяпер Аляксандру пагражае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне. Справу разглядае суддзя Святлана Крамянёўская, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Геннадзь Буры.

Згодна абвінавачванням, "падчас нападу мужчыны наносілі ўдары, выкарыстаўшы металічную трубу, а таксама распачалі спробу завалодання агнястрэльнай зброяй, што пацвярджаецца матэрыяламі, якія ёсць у следства. Папярэдне ўстаноўлена, што, перарываючы супрацьпраўныя дзеянні тых, хто нападаў, праваахоўнікі ўжылі фізічную сілу. Адзін з іх, успрымаючы дзеянні падазраваных як рэальную пагрозу жыццю і здароўю і спыняючы спробы завалодаць табельнай зброяй, ужыў у дачыненні да нападніка зброю, стрэліўшы ў кірунку пляча. Аднак, з прычыны працяглага актыўнага супраціву мужчыны, ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы".

Як піша "Брэсцкая газета", Геннадзь Шутаў, які памёр 19 жніўня, таксама з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса "Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў".

Пацярпелымі па справе выступаюць двое вайскоўцаў: прапаршчык Галіцын і капітан Гаўрылаў, якія ўвечары 11 жніўня неслі службу па ахове грамадскага парадку. Яны былі ў грамадзянскай вопратцы і са зброяй. У іх былі з сабой ПМ дзевятага калібра.

Прадстаўнік памерлага Генадзя Шутава на судзе — яго дачка Анастасія.

Аляксандр Кардзюкоў не згодны з абвінавачваннем. Мужчына на судзе кажа, што не ведаў, што гэта —вайскоўцы, яны не паказвалі дакументаў, не прадстаўляліся. Сказаў, што адчувае віну за смерць Шутава, бо без Кардзюкова не пайшоў бы глядзець, што адбываецца ў горадзе: "Калі б я не пайшоў, саблазнаў бы таксама не пайшоў".

Не адмаўляе, што выпілі з Шутавым ў гаражы перад гэтым настойку. Адрэзак трубы быў з сабой для самаабароны — на ўсялякі выпадак, яны сядзелі на парапеце І назіралі за тым, што адбываецца.

Па яго словах, ёе разам з Шутавым самі падыйшлі да пацярпелых, запыталі, што адбываецца, а Гаўрылаў яго штурхнуў. Кардзюкоў "даў здачы". Пасля гэтага, па словах абвінавачанага, Галіцын накіраваў пісталет у галаву Кардзюкова. Апошні кінуў трубу і пабег у натоўп.

Інфармацыя дапаўняецца.

Нагадаем, 11 жніўня мінулага года падчас акцый пратэсту ў Берасці Генадзь Шутаў атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву. Ён памёр праз 8 дзён у менскім вайсковым шпіталі. Увечары таго ж дня СК пракаментаваў смерць 44-гадовага берасцейца. Па версіі следства, 11 жніўня ў Брэсце двое мужчын здзейснілі напад на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку пры правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

23 жніўня цела загінулага аддалі яго сваякам. У даведцы аб смерці Шутава сказана, што яе непасрэднай прычынай стаў траўматычны ацёк галаўнога мозгу. Гэта было ўстаноўлена судмедэкспертаў падчас выкрыцця.

Сваякі Шутава дамагаліся ўзбуджэння крымінальнай справы па артыкуле "Забойства", аднак СК адказаў, што дастатковых падстаў для гэтага няма.

Крыніца: У Брэсце судзяць Александа Кардзюкова, які быў разам з Генадзем Шутавым, калі таго смяротна паранілі