У Мінску пачаўся суд над палітвязнем Антонам Бяленскім, якога вінавацяць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса – “Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскій парадак”.
Справу разглядае суддзя суда Маскоўскага раёна Святлана Бандарэнка. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Раман Бізюк.
Нагадаем, суд павінен быў распачацца яшчэ 11 лютага, але быў адкладзены нібыта праз недастаўленне абвінавачанага ў працэс.
Нагадаем, Антон Бяленскі быў затрыманы 10 жніўня першапачаткова ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 293 КК ("Арганізацыя масавых беспарадкаў"). Тады ён знаходзіўся на ў гасцініцы "Беларусь" на 17-м паверсе, куды і ўварваліся сілавікі. Антон Бяленскі з’яўляўся валанцёрам выбарчага штаба Віктара Бабарыкі.
Сёння на пачатку працэса абаронца Антона Бяленскага заявіў шэраг хадайніцтваў:
- аб змене меры стрымання, бо Бяленскі ўтрымліваецца пад вартай у межах крымінальнай справы з 13 жніўня, - адхілена;
- запрасіць і апытаць у якасці сведак некалькіх грамадзянаў - адхілена, бо не забяспечана яўка;
- далучыць да матэрыялаў справы копію пастановы аб прыцягенні падсуднага да адміністрацыйнай адказнасці за 10 жніўня - адхілена.
Згодна з абвінавачваннем, Антон Бяленскі, будучы дасведчаным аб плануемым 9 жніўня несанкцыянавым масавым мерапрыемстве і ў мэтах перашкоды супрацоўнікам праваахоўных органам у выкананні іх службовых абавязкаў, не пазней за 23 гадзіны па пр. Машэрава далучыўся да групы грамадзянаў, якія груба парушалі грамадскі парадак, што выявілася ў публічным выкрыкванні лозунгаў, знаходжанні ў шчэпцы рукамі, блакаванні руху грамадскага транспарту, у тым ліку гучна пляскаў у далоні, неаднаразова адмовіўся выконваць законныя патрабванні супрацоўнікаў міліцыі і наўмысна перашкаджаў руху транспарту, а таксама ўгаворамі прыцягваў іншых людзей да супраць праўных дзеянняў.
У выніку быў спынены рух як мінімум пяці аўтобусных марштрутаў, чатырох - тралейбусных і двух - трамвайных.
Антон Бяленскі прызнае віну часткова.
Так палітвязень прызнае, што 9 жніўня выйшаў на мірную акцыю, дзе выкрыкваў лозунгі і пляскаў у далоні, выходзіў на праездную частку дарогі. Але не адмаўляўся выконваць законныя патрабванні супрацоўнікаў міліцыі і не ўгаворваў людзей далучацца.
У далейшым Антон Бяленскі адмовіўся ад дачы паказанняў.
Інфармацыя будзе дапоўненая
Гісторыя пераследу 29-гадовага прадпрымальніка Антона Бяленскага