Арцём Ісакаў. Фота: "Віцебская Вясна" У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 3 лютага адбылося чарговае паседжанне ў крымінальнай справе віцябляніна Арцёма Ісакава, абвінавачанага паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»).

Справу разглядае суддзя Сяргей Будрэвіч.

Па справе праходзяць дзевяць пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі, якія на ранейшых пасяджэннях давалі свае паказанні. Ісакава абвінавачваюць ва ўжыванні пярцовага балончыку ў дачыненні да вышэйзгаданых супрацоўнікаў МУС.

Арцём Ісакаў быў затрыманы 25 кастрычніка ў межах адміністрацыйнага разбіральніцтва. За парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах яго аштрафавалі на 10 базавых велічыняў. У межах крымінальнай справы знаходзіцца ў СІЗА ад 28 кастрычніка.

«Ніякіх пакут я не бачыла». На судзе за ўжыванне балончыку супраць міліцыянтаў выступіла сведка абароны

25 кастрычніка Арцём Ісакаў узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым шэсці. Абвінавачанне сцвярджае, што Ісакаў не менш двух разоў “распыліў струмень пярцовага газу ў бок твараў і целаў міліцыянтаў Вайцяхоўскага, Іванова, Сянкевіча”.

 Сёння ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў.

Дзяржаўная абвінаваўца Крысціна Мацвеева запрасіла для Арцёма Ісакава 6 гадоў пазбаўлення волі.

Прысуд будзе абвешчаны 4 лютага.

Крыніца: Справа Ісакава: за выкарыстанне балончыка супраць сілавікоў пракурор просіць шэсць гадоў калоніі