У Жлобіне працягваецца крымінальны працэс супраць 17-гадовага Віталя Прохарава. Яго вінавацяць у арганізацыі або актыўным ўдзеле 10 жніўня ў Жлобіне ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК РБ).
Справу разглядае суддзя Ірына Прадун, пракурор – Аношка.
10 жніўня Віталь Прохараў быў затрыманы амапаўцамі і, па ягоных словах быў моцна збіты. Пасля яго адпусцілі дадому і неўзабаве абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП РБ і аштрафавалі.
Айчым Віталя распавёў журналістам, што Віталя пры затрыманні павалілі на зямлю, збілі, прывезлі ў пастарунак, завялі ў нейкі склеп, прывязалі да крэсла.
"Два гадзіны здзекаваліся над ім. Вучылі яго жыць, абражалі, казалі, што пасадзяць на тысячу гадоў. Прывязаны, ён атрымаў з кулака ў вока. Уся спіна ў слядах ад дубінак, ногі у ранах, падбітае вока, шышкі на галаве, гематомы па ўсім целе. На абедзве нагі кульгае".
"Папіярыўся ў інстаграме" і патрапіў пад артыкул. У Жлобіне судзяць непаўнагадовага
2 лютага ў судзе апыталі пацярпелага Аляксея Блаху, першага намесніка камандзіра батальёна в/ч 5525. Ён паведаміў, што 30 чалавек асабовага складу прыбылі з Рагачова ў Жлобін для ўзмацнення Жлобінскага РАУС. Іх задача - здзейсніць зачыстку плошчы Пераможцаў каля райвыканкама. Пасля паехалі да ДК Металургаў. Там у іх паляцелі камяні і бутэлькі.
З натоўпу ў 30-35 чалавек кідалі камяні. Пацярпеў толькі транспартны сродак. Яму разбілі лабавое шкло, пашкодзілі афарбоўку месцамі.
Адвакат запытаўся, ці бачна было на стаянцы, ці можна было разгледзець твары кідаўшых?
Сведка: Стаянка падсвечвалася, было дастаткова светла, на твары я не глядзеў. Маці Прохарава запыталася: Ці пацярпеў хоць адзін міліцыянт? Сведка: Не, ніхто, толькі аўтамабіль.
Далей у судзе вывучаюцца пісьмовыя матэрыялы справы.
Вынікі экспертызы адной палімернай бутэлькі і 30 камянёў нічога не далі. Ніякіх адбіткаў пальцаў не знайшлі.
Будзе дапоўнена.
Крыніца: У судзе над непаўнагадовым Прохаравым апыталі пацярпелага Блаху