Вадзім Сычык у судзе. Фота spring96.org У судзе Бярозаўскага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 36-гадовага Вадзіма Сычыка, якога вінавацяць па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.

Працэс вядзе суддзя Наталья Вакульчык, бок абвінавачання прадстаўляе пракурор Дзмітрэнка.

Згодна з абвінавачваннем, Вадзім Сычык 10 жніўня ў перыяд часу з 22.50 па 23.00 груба парушаючы грамадскі парадак і з хуліганскіх намераў наўмысна адзін раз кінуў неўстаноўленым прадметам і знішчыў бакавое шкло аўтобуса маркі МАЗ, які рухаўся па вуліцы Леніна ў Бярозе і ў якім у той момант знаходзіліся супрацоўнікі Бярозаўскага РАУС. Сваімі дзеяннямі нанёс маёмасную шкоду філіялу “Аўтамабільны парк №8 г. Бярозы” на суму 270 рублёў.

Абвінавачаны сваю віну прызнаў часткова: не адмаўляе кідка, але кажа, што не меў хуліганскіх намераў і не кідаў наўмысна ў аўтобус запальнічку.

Вадзім Сычык жанаты, мае двух малалетніх дзяцей, раней не быў судзімы, знаходзіцца пад вартай з 11 снежня.

У сваіх паказаннях на судзе ён распавёў, што 10 жніўня выйшаў прагуляцца ў вячэрні час, у нейкі момант убачыў вялікую колькасць людзей па вул. Леніна, вырашыў паглядзець, што там адбываецца. Захацеў прыкурыць, у яго была вялікая запальнічка, але яна не спрацавала. Ён звярнуўся да некалькіх людзей і папрасіў прыкурыць, але яму ніхто не дапамог. З-за гэтага абвінавачаны моцна раззлаваўся і хацеў разбіць аб зямлю запальнічку, кінуў яе ў бок праезнай часткі, крышачка адарвалася і трапіла ў аўтобус, які праязджаў міма – шкло пакрылася "сетачкай". Аўтобус спыніўся, з яго сталі выбягаць салдаты з дубінкамі, Вадзім Сычык спалохаўся, што яго могуць збіць, і ўцёк. Ён бачыў, што іншыя людзі пазней кідалі нешта ў гэты аўтобус: бутэлькі, каністры і іншыя прадметаў.

У момант здарэння з Вадзімам Сычыкам знаходзіўся яго знаёмы Мікалай Кулак, які стаяў у метрах 10 ад яго. Да гэтага абвінавачаны прапаноўваў знаёмаму сваю непрацуючую запальнічку, але той адмовіўся яе браць.

Кажа, што асабліва не паліць, толькі часам, “каб жонка не бачыла”. Цыгарэты пры ім былі, камянёў не было. Хто знаходзіўся ў аўтобусе, куды трапіла запальнічка, абвінавачаны папярэдне не ведаў.

Шкоду аўтобуснаму парку ён ужо кампенсаваў.

Інфармацыя будзе дапоўненая

Праваабрончы цэнтр "Вясна" адсочвае гэты судовы працэс. 

Крыніца: За разбітае ў аўтобусе шкло да трох гадоў пазбаўлення волі. У Бярозе судзяць Вадзіма Сычыка