У судзе Слуцкага раёна Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку 15 студзеня агучыў прысуд ў дачыненні да Віктара Скрундзіка і яшчэ траіх жыхароў Слуцкага раёна, якіх абвінавачваюць у забойстве пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны. Старшынствуе - суддзя Еліхаў.

Рэдкая з’ява ў практыцы вынясення смяротных прысудаў у Беларусі, калі калегія Вярхоўнага суда адмяняе раней вынесенае пакаранне і вяртае справу на новы разгляд.

Нагадаем 30 чэрвеня калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах адмяніла смяротны прысуд Віктару Скрундзіку і іншыя прысуды па гэтай справе. Крымінальную справу адправілі на новы разгляд у Мінскі абласны суд. Працэс пачаўся 7 верасня, але 12 кастрычніка, калі ў судзе павінны былі заслухаць апошнія словы абвінавачаных, судовыя працэсы некалькі разоў пераносіліліся па прычыне COVID-19.

На новым разглядзе справы 29 верасня пракурор запрасіў такія ж тэрміны, якія выносіліся да адмены прысудаў Вярхоўным судом: Віктару Скрундзіку — растрэл, Валянціну Бушніну — 18 гадоў пазбаўлення волі, Віталю Мяцежу — 22 гады пазбаўлення волі, Сяргею Захарчэню — 1 год папраўчых работ з утрыманнем 10% ад заробку. 

У сваім апошнім слове пры новым разглядзе справы 11 студзеня Віктар Скрундзік казаў, што раскайваецца ва ўчыненым і папрасіў прабачэння ў сваякоў загінулых:

"Лепш бы я тады залез у склеп і згарэў бы разам з ім, чым цяпер стаяць тут, глядзець сваякам у вочы і даказваць тое, чаго я не рабіў», — цытуе словы Скрундзіка mlyn.by

Ён падкрэсліў, што не ведаў у момант падпалу, што пацярпелыя былі яшчэ жывыя. Калі даведаўся, што яго саўдзельнік не задушыў аднаго з мужчын, а толькі пазбавіў прытомнасці, то адразу папрасіў выклікаць МНС, а затым двойчы паспрабаваў залезці ў дом, каб выратаваць, але яго не пусцілі супрацоўнікі МНС.

15 студзеня агучваецца новы прысуд, які нічым не адрозніваецца ад ранейшага:

Сяргей Захарчанка -  1 год папраўчых работ з выплатай 10 % заробку;

Віталь Мяцеж - 22 гады пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму;

Валянцін Бушнін - 18 год пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму

Віктар Скрундзік - смяротнае пакаранне - растрэл.

Першая інстанцыя

Нагадаем, 6 сакавіка, Мінскі абласны суд на выязным паседжанні ў Слуцку абвясціў прысуды траім жыхарам Слуцкага раёна. Іх абвінавацілі ў забойстве 79-гадовага і 94-гадовага пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны. Усе фігуранты справы былі прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення, а таксама смяротнага пакарання. Суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка прызначыў тое пакаранне, якое запрашваў дзяржабвінаваўца Вадзім Лолуа.

Вярхоўны суд адмяніў смяротны прысуд Віктару Скрундзіку

30 чэрвеня Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйныя скаргі на смяротны прысуд жыхара Слуцкага раёна Віктара Скрундзіка, а таксама на прысуды абвінавачаных па справе Валянціна Бушніна, Сяргея Захарчанка і Віталя Мяцежа.

Крыніца: Першы ў гэтым годзе смяротны прысуд вынесены ў Слуцку Дапоўнена