Суд Лагойскага раёна 14 студзеня працягвае разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага аўтара ютуб-канала "Слуцк для жизни" Уладзіміра Няронскага па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 369. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі за відэаролікі на ютуб-канале "Слуцк для жизни". Блогер абвінавачваецца ў арганізацыі "незаконных грамадска-масавых мерапрыемствах" у некаторых гарадах Беларусі, у тым ліку мітынг у Гродне 29 траўня, дзе затрымалі Сяргея Ціханоўскага і іншых удзельнікаў выбарчага пікета, хаця ў гэты час сам Няронскі ўжо амаль месяц адбываў "суткі". Таксама палітвязня абвінавачваюць ў публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкама. Справу разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў. "Вясна" працягвае назіраць за гэтым судовым працэсам і вядзе анлайн з залі суда. На думку абвінавачання, віна Няронскага даказваецца паказаннямі самога абвінавачанага, пацярпелага, відэаматэрыяламі з ютуб-канал "Слуцк для жизни", пісьмовымі матэрыяламі справы. Допыт сведак у судзе заяўлены не быў. У першы дзень судовага паседжання дапыталі Уладзіміра Няронскага, пацярпелага старшыню Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага. У другі дзень вывучылі пісьмовыя матэрыялы справы, рэчдоказы, а таксама праглядзелі відэаролікі "Слуцк для жизни".
Да суда Уладзімір Няронскі ўтрымліваўся ў жодзінскай следчай турме №8, 6 студзеня яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Лагойскага РАУС. На судзе палітвязень скардзіцца, што ў яго камеры няма ацяплення, кормяць адзін раз у дзень і няма туалета — там толькі вядро. Таксама адзначае, што ён падвяргаецца маральнаму ціску. Уладзімір Няронскі распавёў на судзе, што за восем месяцаў утрымання пад вартай перанёс мікраінсульт, перахварэў на COVID-19, а таксама прымусова быў накіраваны на псіхіятрычную экспертызу ў "Навінкі".
Што адбываецца на судзе ў трэці дзень?
На трэці дзень у судзе праглядаюцца стрымы з ютуб-канала Уладзіміра Няронскага "Слуцк для жизни": "Дорога на Минск" і "Все приезжайте в поселок Дружный Евроопт".
"У гэтым відэа я сказаў усю праўду, ні слова не схлусіў", — пракаментаваў Няронскі стрым "Дорога на Минск". Суддзя Рыбакоў запытаў у яго, для каго ён гэта каментуе.
Суд працягваецца, інфармацыя дапаўняецца.
Падрабязнасці першага і другога дня суда над Уладзімірам Няронскім:
Першы суд па “справе Ціханоўскага”. У Лагойску судзяць палітвязня Уладзіміра Няронскага
Суд над палітзняволеным блогерам "Слуцка для жизни" Уладзімірам Няронскім працягваецца
Крыніца: Суд на палітвязнем Уладзімірам Няронскім. Дзень трэці Дапоўнена