12 студзеня праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Увечары ў дварах Мінска былі затрыманыя людзі, якія вышлі на вечаровы шпацыры. Праваабаронцам вядома пра затрыманні на вул. Варанянскага і Матусевіча, а таксама ў двары "Плошчы Перамен", дзе сабраліся людзі, каб успомніць загінулага Рамана Бандарэнку.
Сярод затрыманых:
- Барысюк Алена
- Вараб'ева Таццяна
- Каляда Іван
- Кісленка Раман
- Мінкевіч Альберт, 79-гадовы сябра Еўрапейскай акадэміі навук
- Мінкевіч Элеанора
- Пазняк Яўген
Інфармацыя будзе дапаўняцца
У Гомелі 68-гадоваму пэнсіянэру МУС, актывісту АГП Уладзімеру Няпомняшчых у дадатак да першага абвінавачаньня — «пагроза гвалту» ў дачыненьні пракуроркі — выставілі яшчэ адно, за яе абразу. Паводле адваката, і ў «новым» абвінавачаньні пакуль няма канкрэтыкі. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
Студэнцкая ініцыятыўная група піша, што студэнтцы БНТУ Настассі Булыбенка працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на 2 месяцы.
Таксама на адзін месяц працягнулі зняволенне Глебу Фінцэру і Іллю Трахтэнбергу. Застаецца за кратамі і Алана Гебрэмарыям, але незразумела, на які тэрмін.
Вечаровыя затрыманні адбыліся і ў Горадні, паведамляюць чытачы Белсат.
«У Горадні на раёне Вішнявец павінен быў прайсці марш. Сабралася каля 100 чалавек, толькі пачалі рухацца, як пачаліся затрыманні. Унутры калоны былі ціхары, яны пачалі выбягаць з яе і крычаць «працуем». Як мінімум чацвярых чалавек затрымалі і павезлі ў Кастрычніцкі РАУС».