Вадзім Дзмітронак у залі суда. Фота spring96.org Суд Цэнтральнага раёна 12 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка Вадзіма Дзмітронка. 43-гадовага мужчыну вінавацяць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

Справу вядзе суддзя Таццяна Акавітая. Бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляе памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Арцём Цвяткоў.

Суд забараніў праводзіць фота- і відэаздымку працэса.

Вадзім Дзмітронак быў затрыманы 15 лістапада 2020 года, да гэтага прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасціі, раней не быў судзімы. Пры затрыманні быў моцна збіты, пасля быў дастаўлены ў бальніцу хуткай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай, драпінамі і іншымі траўмамі. 

У чым абвінавачваюць Вадзіма Дзмітронка? 

Паводле абвінавачвання, 15 лістапада па месцы свайго жыхарства і іншых месцах у мэтах выканання публічных заклікаў да спланаваных масавых беспарадкаў на тэрыторыі Мінска, размешчаных у тым ліку ў глабальнай сетцы Інтэрнэт, у мэтах далейшага прымянення і выкарыстання ў масавых беспарадках вырабіў самаробным спосабам дубінку, паклаў яе ў заплечнік, пасля чаго прыбыў да дома 57 па вул. Чарвякова ў Мінску, дзе меў намер выкарыстоўваць дубінку, аднак не давёў свой намер да канца па абставінах, якія не залежаць ад яго, паколькі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Ён жа ў мэтах выканання публічных заклікаў да актыўных дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, прыняў удзел у незаконным масавым мерапрыемстве для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў і пратэсту, выказвання свайго стаўлення да падзей грамадска-палітычнага жыцця, вядзення актыўнай агітацыі, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне палітычнай напружанасці ў краіне, наўмысна па матывах палітычнай, ідэалагічнай барацьбы, звязанай з электаральнай кампаніяй у Рэспубліцы Беларусь і рознымі палітычнымі поглядамі, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У прыватнасці, днём 15 лістапада Вадзім Дзмітронак, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асобаў, парушаючы правілы дарожнага руху, выйшаў на праезную частку вул. Чарвякова, дзе, наўмысна заступаючы шлях аўтамабілям, публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, выкарыстаў незарэгістраваныя сцягі, чым парушыў спакой і правы іншых грамадзянаў, у тым ліку працу транспарту ў горадзе Мінску.

Ён жа ў мэтах выканання вулічных заклікаў да масавых беспарадках, якія выявіліся ў непасрэдным здзяйсненні гвалту над асобай, падпалах, знішчэнні маёмасці і ўзброеным супраціве прадстаўнікам улады загадзя спланаваных на тэрыторыі горада 9 жніўня і ў наступныя дні, будучы дасведчаным з розных крыніцаў аб планаванні здзяйснення названых дзеянняў, вырабіў дубінку, піратэхнічныя вырабы цыліндрычнай формы, набыў ручную дымавую гранату, складаны нож, рагатку і металічныя шарыкі, запальнічку, склаў названыя прадметы ў заплечнік, прыбыў на вул.Чарвякова і меў намер выкарыстоўваць іх падчас удзелу ў масавых беспарадках, але быў затрыманы па вул. Шаўчэнкі супрацоўнікамі АУС.

На думку абвінавачвання, віна падсуднага пацвярджаецца паказаннямі сведак, пісьмовымі матэрыяламі справы і рэчавымі доказамі.

Вадзім Дзмітронак сваю віну па ч. 2 арт. 296 не прызнаў, па ч. 1 арт. 342 прызнаў часткова - не адмаўляе знаходжанне на месцы падзей, па арт. 14 і ч. 2 арт. 293 не прызнаў.

Адзін са сведкаў у суд не з'явіўся па прычыне адпачынку. Дзяржабвінаваўца прасіў далучыць да справы яго пісьмовыя паказанні. Абаронца выказаўся супраць. А суддзя вырашыць гэтае хадайніцтва па выніках даследвання доказаў, якія ўжо маюцца ў справе. 

Наступны сведка - старшы ўпаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБАЗ Котаў Аляксандр Аляксандравіч - быў скрыты ў мэтах бяспекі, у судзе ён выступаў у балаклаве і шапцы. Ён распавёў, што 15 лістапада быў на месцы падзей у форменай вопратцы чорнага колеру з нашыўкамі міліцыя і МУС. Па вул. Чарвякова прысутнічала група грамадзянаў у колькасці 1000-1500 чалавек, якіх агрэсіўна сябе паводзілі ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, блакавалі рух аўтатраспарту. Міліцыянеры нібыта неаднаразова папярэджвалі грамадзянаў пра недапушчальнасць удзелу ў масавым мерапрыемстве і неабходнасць разыйсціся, але людзі ніяк не рэагавалі. Людзі былі з незарэгістраванай сімволікай, выкрыквалі лозунгі, кідалі ў супрацоўнікаў камяні і іншыя падручныя прадметы. Адзначыў, што грамадзяне патрабавалі ад міліцыянераў апусціць зброю, хаця, па словах сведкі, зброю яны не даставалі, але мелі пры сябе. 

Паводле паказанняў, падсудны быў у ліку найбольш актыўных грамадзянаў, вылучаўся ваеннай вопраткай: зялёная куртка, тактычныя штаны, чорныя берцы, рюкзак. Таксама ў Вадзіма Дзмітронка была сівая барада, якая выступала з-пад маскі.

Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочвае судовы працэс. Інфармацыя будзе дапоўненая

Крыніца: Чатыры артыкулы і сведка ў балаклаве. У Мінску судзяць Вадзіма Дзмітронка Дапоўнена