У судзе Лагойскага раёна 12 студзеня пачаўся суд над палітзняволеным аўтарам ютуб-канала "Слуцк для жыцця" Уладзімірам Няронскім. Яго судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Блогер абвінавачваецца ў арганізацыі 29 траўня ў Гродне "незаконнага грамадска-масавага мерапрыемства-мітынгу", хаця з 8 траўня Няронскі бесперапынна адбываў 40 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 23.34 КаАП. Гэта першы суд па "справе Ціханоўскага". Таксама палітвязня абвінавачваюць ў публічнай абразе ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама. Справу разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў. "Вясна" назірае за судом і вядзе анлайн з залі суда. Справу Уладзіміра Няронскага разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае намеснік пракурора Лагойскага раёна Аляксандр Ляўковіч. На суд прыехаў пацярпелы па справе па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Янчэўскі. З жодзінскай следчай турмы на суд прывезлі і Уладзіміра Няронскага.
Што адбываецца на судзе?
Суд працягваецца. Інфармацыя дапаўняецца.
6 гарадоў. Храналогія пераследу Уладзіміра Няронскага
Уладзімір Няронскі быў затрыманы 6 траўня 2020 года пад Мінскам, калі ён з паплечнікамі вяртаўся з Магілёва, дзе напярэдадні яны ладзілі сустрэчу з чытачамі YouTube-каналу «Страна для жизни». Яе магілёўская міліцыя кваліфікавала як «масавае несанкцыянаванае мерапрыемства», і 8 траўня Кастрычніцкі раённы суд Магілёва пакараў Няронскага па арт. 23.34 КаАП 10 суткамі адміністрацыйнага арышту нібыта за яго арганізацыю. Пасля гэтага на волю ён не выйшаў. Калі і дзе праходзілі суды над ім, у выніку якіх атрымліваў чарговыя "суткі", — невядома.
16 траўня стала вядома, што Няронскі ўжо адбывае чарговыя 5 сутак па арт. 23.34 КаАП у Мар’інай Горцы. Потым стала вядома, што яго перавялі ў Слуцк, дзе ён адбываў чарговы адміністрацыйны арышт. 12 чэрвеня перавезлі ў Мінск, а 17 чэрвеня стала вядома, што Уладзіміра Няронскага змясцілі ў следчы ізалятар № 1 на вул. Валадарскага ў Мінску ў межах крымінальнай «справе Ціханоўскай». На яго заведзеная крымінальная справа па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — за выпадак на выбарчым пікеце 29 траўня ў Гродне, і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — за абразу ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама.
18 жніўня стала вядома, што Уладзімір Няронскі быў пераведзены ў СІЗА г. Жодзіна. Суд прызначылі ў судзе Лагойскага раёна Мінскай вобласці.
Крыніца: Першы суд па “справе Ціханоўскага”. У Лагойску судзяць палітвязня Уладзіміра Няронскага