Ілюстрацыйнае фота Праваабарончы цэнтр “Вясна” з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года актыўна сочыць за крымінальнымі справамі, якія маюць палітычна матываваны характар і якія былі ўзбуджаныя супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў поствыбарчых акцый пратэсту. Вядома больш за 650 імёнаў і прозвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. 166 чалавек з гэтага спісу на дадзены момант з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны"

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае звесткі пра людзей, чый крымінальны пераслед звязаны з падзеямі выбарчай кампаніі і пасля яе. Па стане на 5 студзеня сабрана больш за 650 імёнаў і прозвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. 166 чалавек з гэтага спісу на дадзены момант з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Спіс будзе абнаўляцца і дапаўняцца.

У апошнія два месяцы 2020 года крымінальныя справы пачалі перадаваць у суды. Згодна са звесткамі, якія атрымалася сабраць “Вясне”, да канца 2020 года былі вынесены як мінімум 103 прысуды па крымінальных справах, звязаных з падзеямі, што адбываліся падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў.

З большага гэта справы, узбуджаныя па арт. 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 363 (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак) і 342 (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Разгледжана больш за дзясятак спраў па дыфамацыйных артыкулах за знявагу дзяржаўнай сімволікі (арт. 370 КК, некаторыя справы за "абразу" сцяга кваліфікаваліся як хулігантсва па арт. 339 КК), абразу прадстаўніка ўлады (369 КК) і прэзідэнта (368 КК), паклёп (188 КК) і інш. 

Таксама была разгледжана першая крымінальная справа аб нібыта рыхтуючыхся масавых беспарадках у Навагрудку і некаторых іншых раёнах Гарадзенскай вобласці (па ч. 1 і ч. 3 арт. 293 КК). Адзін з яе фігурантаў – палітвязень Уладзімір Гарох – атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гэтае пакаранне на дадзены момант з’яўляецца самым жорсткім з усіх вынесеных па палітычных справах 2020 года.

Праваабаронцам вядома пра наступную колькасць асуджаных па палітычна матываваных справах па рэгіёнах:

“Вясна” нагадвае, што маніторынг крымінальных палітычна матываваных спраў мае важнае значэння для ацэнкі сітуацыі з парушэннямі правоў чалавека ў час масавых рэпрэсій, а агалоска такога пераследу можа дапамагчы стрымаць магчымыя фальсіфікацыі і выяўляць працэсуальныя парушэнні  пад час следства альбо суда.

Таму калі вас ці вашых блізкіх затрымалі альбо ўжо асудзілі па крымінальнай справе, якая можа мець палітычную афарбоўку, абавязкова паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

Крыніца: У 2020 годзе больш за 100 чалавек былі асуджаны па крымінальных палітычных справах