У аўторак, 5 студзеня, суд Слуцкага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) у дачыненні да 34-гадовага случака. Яго абвінавачваюць у тым, што ён вечарам 4 жніўня пасля адмененага ўладамі мітынгу Святланы Ціханоўскай рассыпаў "вожыкі" на тэрыторыі каля будынка Слуцкага РАУС. У выніку былі пашкоджаныя шыны аўтамабіляў, якія належаць двум супрацоўнікам міліцыі, на месцы канфіскавалі 38 будаўнічых шрубаў, а дзеянні жыхара Слуцка кваліфікавалі як хуліганства. У судзе пацярпелыя заявілі, што не маюць прэтэнзій. Як паведамляе kurjer.info, справу разглядае суддзя Аляксандр Шутко (намеснік старшыні суда), дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае памочнік пракурора Нарута.

Будынак Слуцкага РАУС
Будынак Слуцкага РАУС

Паводле абвінавачання, грамадзянін А. 4 жніўня 2020 года каля 19.00, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, з хуліганскіх памкненняў на аўтамабілі таксі паехаў у магазін «будаўнічы гіпермаркет», дзе купіў шрубы. Пасля на гэтым жа таксі паехаў да будынка РАУС, размешчанага па вуліцы Уласаўца, дзе рассыпаў набытыя шрубы з мэтай пашкодзіць колы службовага транспарту, тым самым здзейсніўшы злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).

Перад дачай паказанняў у судзе абвінавачаны папрасіў яго "моцна матэрыяльна не караць, бо ў жонкі анкалогія" і папрасіў далучыць выпіску з медыцынскай карты жонкі да справы. Суд гэтае хадайніцтва задаволіў. Грамадзянін А. сваю віну прызнаў цалкам.

Жыхар Слуцка патлумачыў, навошта ён здзейсніў свае дзеянні:

"4 жніўня ехаў з працы і ўбачыў, што ў горадзе стаяць аўтазакі, затым паехаў дадому. Пасля гэтага выпіў, выклікаў таксі і вырашыў паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Убачыў, як АМАП гвалтоўна забірае людзей у аўтазакі. Пасля паехаў у будаўнічую краму, купіў шрубы і, седзячы на заднім сядзенні таксі, рассыпаў іх па вуліцы Уласаўца ад будынка РАУС да пракуратуры",перадае словы абвінавачанага ў судзе kurjer.info.

Абвінавачаны адзначыў, што "калі б ён быў цвярозы, то такога б не было".

Таксама ў судзе прысутнічалі двое пацярпелых — супрацоўнікі праваахоўных органаў, колы машын якіх апынуліся пракалоты. Грамадзянскія пазовы яны заяўляць адмовіліся і прэтэнзій да грамадзяніна А. не маюць, бо абвінавачаным былі прынесеныя прабачэнні і кампенсаваная сума, якую пацярпелыя выдаткавалі на паслугі СТА.

Судовае пасяджэнне працягнецца пасля перапынку.

Крыніца: Судзяць случака, які пасля адмененага мітынгу Ціханоўскай, раскідаў шрубы каля будынка РАУС