У судзе Смаргонскага раёна 5 студзеня з апошнім словам выступіў індывідуальны прадпрымальнік Рамуальд Улан. Сёння ж быў агучаны і прысуд.
Суддзя Сяргей Боландзь пакараў мужчыну 2,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса за тое, што ён размясціў у каментарах у “ВКонтакте” фотаздымак з налепкамі з асабістымі дадзенымі сямі міліцыянераў, якія былі заўважаныя ў незаконных затрыманнях і ілжэсведчаннях у судах.
Таксама суд пастанавіў сплаціць усім пацярпелым міліцыянерам кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры ад 300 да 500 рублёў. Агульная сума, якую неабходна сплаціць Рамуальду Улану на працягу месяца пасля прысуду, скаладае 2700 рублёў. Акрамя таго, суд канфіскаваў персанальны камп’ютэр абвінавачанага “як сродак здзяйснення злачынства” ў даход дзяржавы.
Нагадаем, судовыя пасяджэнні праходзілі 28 і 29 снежня. Рамуальд Улан сваёй віны ў паклёпе не прызнаў. Мужчыну абвінавачвалі нават не ў вырабе і распаўсюдзе ўлётак, а толькі за размешчаны фотаздымак у сацыяльнай сетцы.
Пракурор Андрэй Клышэвіч прасіў суд пакараць актывіста трыма гадамі хіміі, а запатрабаваная кампенсацыя маральнай шкоды першапачаткова складала 7000 рублёў - па 1000 кожнаму з сямі пацярпелых міліцыянтаў.
У Смаргоні судзяць Рамуальда Улана за паклёп
Крыніца: Рамуальда Улана пакаралі 2,5 гадамі "хіміі" за паклёп