29 снежня праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Як паведаміла "БАЖ", у рэдакцыю газеты "Ганцавіцкі час" у 10:30 прыйшла міліцыя. Сярод тых, кто прыйшоў у рэдакцыю, быў начальнік крымінальнага вышуку Ганцавіцкага РАУС Дзмітрый Юрчык. Прыблізна праз гадзіну міліцыянты з'ехалі, разам з імі галоўны рэдактар газеты "Ганцавіцкі час" Пётр Гузаеўскі. Па інфармацыі праваабаронцаў брэсцкай "Вясны", вобшука ў рэдакцыі не было. З РАУС прыходзілі ў рэдакцыю "з праверкай".
Журналісты не бачылі, каб нешта забралі з рэдакцыі. Калі прыйшла міліцыя, журналісты пачулі, што ён робіцца па замове з Драгічына. Менавіта ў гэтым горадзе днямі распачалі крымінальную справу паводле "абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Падазраваным па справе з'яўляецца карэспандэнт "Першага Рэгіёна" Сяргей Гардзіевіч. Пасля рэдакцыі супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з вобшукам дадому да выдаўца газеты "Ганцавіцкі час" і сайта "Першы рэгіён" Пятра Гузаеўскага.
29 снежня быў затрыманы Андрэй Паветка. Супрацоўнікі міліцыі сустрэлі яго каля дома. Прад'явілі пасведчанне і сказалі, што на яго напісалі заяву (жонка падрабязнасці не запомніла). Андрэй паспеў аддаць тэлефон жонцы, рэчы сабраць не далі, забралі адразу ж.
На сераду, 30 снежня, у 10 гадзін у Следчы камітэт выклікалі на допыт па "справе Каарданацыйнай Рады" сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады палітыка Мікалая Казлова.