17 снежня ў Ленінскім судзе Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах Вольгі Класкоўскай, Максіма Бабіча і Арцёма Булаўскага. Вольга Класкоўская і Максім Бабіч прызнаныя палітвязнямі.
Ім ставяць у віну здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.342 і ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядае суддзя Марына Запаснік.
У справе пяцёра пацярпеўшых. Усе яны не маюць прэтэнзій.
Вольга Класкоўская – былая журналістка "Народнай волі" затрыманая 14 кастрычніка ў Мінску. Яе абвінавачваюць у перакрыцці руху транспарту на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава ўвечары 13 кастрычніка. Акцыю праводзілі каля сямі чалавек, сярод якіх нібыта была і Вольга Класкоўская. У іх узнікла сутычка з адным з кіроўцаў.
Палітзняволеная Вольга Класкоўская віну не прызнала і адмовілася даваць сведчанні.
Палітзняволенная Вольга Класкоўская: “Воля нараджаецца ў пакутах”
Максім Бабіч – непаўнагадовы хлопец.
За эпізод з блакаваннем дарогі ў Серабранцы непаўналетняму мінчаніну пагражае крымінальная адказнасць
Артуру Булаўскаму 18 гадоў. Яго абвінавачваюць у тым, што ён наносіў удары Верціхоўскім і "цягаў іх за адзенне". Хлопцы затрымалі ў коледжы 19 кастрычніка, на той момант ён быў непаўнагадовым: 18 гадоў яму споўнілася праз пяць дзён.
17 снежня суд заслухаў пацярпелых, якія высказаліся наконт падзей 13 кастрычніка.
Пацярпелы Уладзімір Караневіч засведчыў, што ў момант здарэння ехаў дадому і спыніўся ў некалькіх метрах ад людзей на дарозе. Праз пару мінут чалавек, які стаяў насупраць машыны, адыйшоў, і ён праехаў. Было непрыемна, што нейкая жанчына фатаграфавала тое, што адбываецца, на тэлефон, але ніякіх прэтэнзій да абвінавачаных ён не мае. Яго дзяўчына Аксана пацвердзіла словы.
Пацярпелы Аляксандр Саельнік таксама адзначыў, што бачыў некалькіх людзей, якія перакрывалі дарогу, убачыў бойку ў паласе з краю паехаў туды, каб яе разняць. Потым зразумеў, што не здолее гэтага зрабіць, і з'ехаў. Жанчыну на дарозе ён не бачыў, ніякіх прэтэнзій да абвінавачаных не мае.
Машына пацярпелага Яўгена Верціхоўскага стаяла на перакрытай дарозе. Ягоны брат Сяцпан выйшаў і сказаў людзям на дарозе сыйсці, Яўген таксама выйшаў за братам. Пацярпелы сказаў, што па машыне нехта ўдарыў, ён убачыў Булаўскага, узяў яго за куртку і спытаў, хто гэта зрабіў. Пачалася бойка: Сцяпан Верціхоўскі біўся з Максімам Бабічам, Яўген – з Артурам Булаўскім. Нехта распыліў газ у вочы Яўгену. У гэты момант людзі пачалі разыходзіцца, як скончылася бойка, пацярпелы не памятае – памятае, што Класкоўская спрабавала расцягнуць бойку.
Яўген паказаў, што падчас бойкі ад Максіма Бабіча выказваліся пагрозы, нецэнзурныя выразы і абразы, але прэтэнзій у яго няма. Падчас прагляду відэа высветлілася, што па машыне ніхто не біў: браты проста наехалі на купіну. Сцяпан пацвердзіў словы брата пра бойку і таксама сказаў, што не мае прэтэнзій да абвінавачаных.
Разгляд справы працягнецца заўтра, 18 снежня, у 14.00. Адбудуцца спрэчкі бакоў, прагучаць апошнія словы абвінавачаных.
Крыніца: Справа па блакаванні дарогі ў Серабранцы: ніводны пацярпелы не мае прэтэнзій